rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Среда, 18 декабря 2019 14:13

Беларускаму кіно — 95, а ў глускай кінафікацыі — другая маладосць

Беларускаму кіно — 95, а ў глускай кінафікацыі — другая маладосць

17 снежня — Дзень беларускага кіно. Гэта прафесійнае свята кінематаграфістаў адзначаецца ў нашай краіне з 1994 года. Дата для свята абрана невыпадкова. Менавіта 17 снежня 1924 года выйшла пастанова Савета Народных камісараў “Аб кінавытворчасці ў БССР” і было створана Дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі — “Белдзяржкіно”. Кінавытворчасць у БССР пачалася ў 1925 годзе з хронікі і навукова-папулярных фільмаў. 

Першы беларускі мастацкі фільм “Лясная быль” (рэжысёр Юрый Тарыч), паводле аповесці Міхася Чарота “Свінапас”, быў зняты ў 1926 годзе. У 1928-м “Белдзяржкіно” арганізавала студыю мастацкіх фільмаў “Савецкая Беларусь”, якая з-за адсутнасці тэхнічнай базы ў БССР часова размясцілася ў Ленін-градзе. Толькі ў 1939 годзе студыя мастацкіх фільмаў пераехала ў Мінск. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў 1945 годзе кінастудыя мастацкіх фільмаў “Савецкая Беларусь” аднавіла сваю дзейнасць, а ў 1946-м яе перайменавалі ў “Беларусьфільм”. Дэманстрацыя фільмаў у Беларусі пачалася яшчэ ў канцы XIX стагоддзя: першымі кіно ўбачылі жыхары Віцебска ў 1898 годзе. У пачатку XX стагоддзя дзейнічала ўжо больш за 55 прыватных кінатэатраў. У 1900 годзе ў Мінску першы кінатэатр адкрыў прадпрымальнік Рыхард Штрэмер. Напачатку ў ім дэманстраваліся дыяпазітывы, потым нямыя фільмы. Але ж да большасці беларускіх гледачоў кіно прыйшло падчас культурных пераўтварэнняў, якія праводзіла савецкая ўлада ў 1930-я гады. У якасці кінатэатраў звычайна выкарыстоўвалі былыя рэлігійныя ўстановы — сінагогі, касцёлы ды цэрквы. 

У Глуску таксама, успамінаюць старажылы, некаторы час клуб, дзе паказвалі кіно, знаходзіўся ў будынку былой сінагогі. А ў 1960-я кіназал перамясціўся ў будынак закрытай Свята-Богаяўленскай царквы. Пазней доўгі час глушчане глядзелі кіно ў раённым Доме культуры, які, дарэчы, стаіць на месцы  Уваскрасенскай царквы. Росквіт кіно ў савецкай дзяржаве прыйшоўся на 1960—1980-я гады. У гэты час была пабудавана найбольшая колькасць кінатэатраў у вялікіх гарадах і пасёлках і сельскіх клубаў у вёсках. 

Сайт myfin.by прыводзіць такую статыстыку: у 1950 годзе ў СССР працавала каля 42 тысяч кінаўстановак, у 1960-м — ужо каля 103 тысяч, у 1970-м — 157 тысяч. У СССР у 1970 годзе насельніцтва купіла 4,65 мільярда білетаў у кіно. Білеты на кінасеанс каштавалі ад 20 да 50 капеек, у сельскай мясцовасці яны былі таннейшыя. Кіно любілі і дзеці, і дарослыя, бо гэта быў, бадай, самы даступны культурны адпачынак для савецкіх людзей, асабліва тых, што жылі ў малых гарадках і вёсках. Даволі папулярнымі ў савецкага гледача былі карціны, знятыя на “Беларусь-фільме”: “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Корцік”, “Бронзавая птушка”, “Прыгоды Бураціны”, “Людзі на балоце”, “Белыя Росы”, а таксама шмат фільмаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. 

У верасні 1984 года ў Глуску адбылася значная культурная падзея — пачаў працаваць кінатэатр. “Яшчэ адзін прыгожы сучасны будынак з’явіўся ў райцэнтры, — пісала газета “Сцяг Радзімы”. — Уступіў у строй кінатэатр з паэтычнай назвай “Арыён”. Безумоўна, глядзельная зала ў кінатэатры была значна лепшая, чым у РДК, прасторная (больш чым на 350 месцаў), з вялікім экранам. І людзі ішлі глядзець кіно цэлымі сем’ямі, на кожны сеанс збіралася поўная зала. Напэўна, многія глушчане памятаюць, якія вялікія чэргі ў касе былі, калі паказвалі фільм “Кінг-Конг”. Асабіста мне білецік дастаўся “па блаце” ад татавага знаёмага, які працаваў у кінатэатры. 

У 1990-я цікавасць беларускага гледача да кіно на вялікім экране паступова змяншаецца. Са з’яўленнем відэамаг-нітафонаў глушчане атрымалі магчымасць глядзець пірацкія копіі сусветных кінашэдэўраў на экране тэлевізара. Іх дэманстравалі ў фае кінатэатра, у першым прыватным глускім відэасалоне, а ў кагосьці відэамагнітафон ужо нават быў дома. Зараз жа наступіла эпоха новых тэхналогій — на змену фільмам на плёнцы прыйшло лічбавае кіно. 

А крыху болей за месяц таму і ў глушчан з’явілася магчымасць глядзець фільмы ў высокай якасці, на адным з самых лепшых у Магілёўскай вобласці экране і ў прыгожай утульнай зале на 256 месцаў у Цэнтры культуры і вольнага часу “Арыён”. Аб тым, што змянілася ў кінатэатры і што прапануюць мясцовым гледачам супрацоўнікі “Арыёна”, нам расказаў Андрэй Леўчанка, намеснік дырэктара ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма” па кінавідэаме-рапрыемствах: “Зараз глушчане будуць глядзець кіно ў вельмі добрай якасці, — адзначыў Андрэй Аляксандравіч. — У нас з’явілася выдатнае абсталяванне, не горш, а можа, нават і лепш, чым у некаторых вялікіх гарадах. Напрыклад, экран для паказу фільмаў у 3D-фармаце — адзін з самых лепшых у вобласці (такі ж ёсць толькі ў Магілёве), ён у шырыню восем метраў, вышынёю — чатыры. Ёсць і звычайны экран, святлодыёдны, шырынёй шэсць метраў. Гукавая сістэма — Dolby, фармата 7.1, яна стварае гукавое поле на 360°. 

У глускім кінатэатры ўжо ў гэтым сезоне будуць дэманстравацца сусветна вядомыя ліцэнзійныя фільмы прама ў дзень іх прэм’еры ў Маскве або Мінску”. Андрэй Леўчанка правёў мяне ў тэхнічнае памяшканне, дзе знаходзіцца абсталяванне для дэманстрацыі фільмаў, лічбавая ўстаноўка для наладкі гуку. “На такім абсталяванні можа працаваць чалавек, — зазначыў Андрэй Аляксандравіч, — які добра валодае камп’ю-тарнай тэхнікай, бо яно вельмі складанае. 

А ўсяго ў аддзеле кінавідэа-мерапрыемстваў нас працуе шэсць чалавек: акрамя мяне, гэта кінамеханік Аляксандр Манько і відэадэ-манстратар Сяргей Валадзько, інжынер па абслугоўванні абсталявання Максім Грамыка, метадыст Ірына Грабко і касір Тамара Юневіч”. Каб ісці ў нагу з часам і, безумоўна, для зручнасці сваіх гледачоў кінатэатр “Арыён” далучыўся да сістэмы электроннага продажу білетаў bycard.by. Тут можна паглядзець афішу на тыдзень і больш, прачытаць апісанне да фільма, праглядзець нават яго трэйлер, выбраць самае прывабнае для сябе месца ў зале і купіць білет. Продаж білетаў анлайн спыняецца за гадзіну да пачатку сеанса. Таго, хто будзе набываць білет адразу ў касе, таксама чакаюць навіны: на спецыяльным маніторы глядач павінен будзе выбраць сабе канкрэтнае месца і падчас прагляду фільма сядзець абавязкова там. Як растлумачыў Андрэй Леўчанка, такія правілы існуюць ва ўсіх кінатэатрах. Увогуле, у сваёй рабоце супрацоўнікі кінатэатра прытрым-ліваюцца правілаў кінаабслугоўвання насель-ніцтва. Кожны можа лёгка  знайсці іх у інтэрнэце і прачытаць, якія ёсць у гледачоў правы і абавязкі, што дазволена, а што катэгарычна забаронена. Так, напрыклад, глядач у кінатэатры не толькі адпачывае, але і адказвае за захаванне ў належным стане свайго месца. “Не так даўно здарылася непрыемная сітуацыя, — расказаў Андрэй Леўчанка. — Пасля аднаго з мерапрыемстваў са школьнікамі работнік кінатэатра на крэсле знайшоў прылепленую жавальную гумку. Па камеры відэаназірання мы хутка ўстанавілі, хто гэта зрабіў, і пакуль што абмежаваліся толькі размовай з хуліганам. Мы, безумоўна, жадаем бачыць у кіназале культурных наведвальнікаў і верым, што нашы гледачы насамрэч такія і ёсць”. 

Магчыма, за нядоўгі час, што працуе новая кіназала, яшчэ не ўсе глушчане змаглі ацаніць яе ўтульнасць і якасць лічбавага кіно. Але ўжо не раз чула пра жаданне і дзяцей, і дарослых схадзіць на кінасеанс. “Зацікавіць фільм — абавязкова пайду яго глядзець у нашым кінатэатры”, — кажуць мае знаёмыя. І ў закаханых з’явілася магчымасць не толькі гуляць па вуліцах Глуска, а і паглядзець кіно на апошнім, 12-м, радзе.





При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома

Фотогалерея

© 2007-2024
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт