• Мемориальный комплекс Воинская СлаваМемориальный комплекс Воинская Слава
  • Отделение дневного пребывания для инвалидовОтделение дневного пребывания для инвалидов
  • Районный историко-краеведческий музейРайонный историко-краеведческий музей
  • ПриродаПрирода
Главная -  Новости -  Новости района

Няхай людзі не забудуць гэты дзень

11.05.2018

Дзень Перамогі 2018 года ў Глуску запомніцца занадта шчодрым сонцам і цяплом, надзвычай дружным цвіценнем бэзу і каштанаў, мнагалюдным шэсцем да помніка. А яшчэ тым, што ўпершыню за 73 гады, якія мінулі з мая 1945-га, сярод удзельнікаў святочнага мітынгу не было ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Былі стылізаваныя ваенныя калоны, былі прыгожыя дзяўчаты-мажарэткі, юныя спартсмены і Бессмяротны полк на чале калоны. А ветэраны быць не змаглі — не тыя ўжо гады, не тое ўжо здароўе. Але іх імёны — дзесяці былых салдат і партызан — прагучалі на ўрачыстым мітынгу, што традыцыйна для Глуска прайшоў на мемарыяльным комплексе Воінскай Славы. Хаця вайна і была вялікай трагедыяй для краіны, сказаў падчас свайго выступлення на мітынгу старшыня Глускага раённага выканаўчага камітэта Сцяпан Чачуха, але менавіта яна дазволіла савецкім людзям праявіць іх лепшыя якасці — мужнасць, стойкасць, адзінства, згуртаванасць перад ворагам, працавітасць і любоў да Радзімы. Многім вайна назаўсёды змяніла лёсы, мільёны людзей загінулі. На франтах ваявала каля мільёна трохсот тысяч беларусаў, з шасці з паловай тысяч ваяваўшых глушчан 4 725 байцоў і камандзіраў, партызан і падпольшчыкаў было забіта, за час акупацыі было знішчана больш за тры тысячы сто мірных жыхароў, 1 482 чалавекі забрана ў няволю. Сёння памяць пра подзвіг салдат і пра мірныя ахвяры вайны захоўваюць на тэрыторыі раёна 135 помнікаў і абеліскаў. А ў Дзень Перамогі іх памяць глушчане ўшанавалі хвілінай маўчання. Падзяка і шчырыя пажаданні здароўя і бадзёрасці прагучалі ў адрас нашых паважаных ветэранаў — Васіля Антонавіча Глаза, Марыі Іванаўны Галамакі, Валянціны Васільеўны Зайцавай, Мікалая Дзмітрыевіча Зянькоўскага, Ніны Уладзіміраўны Кульбы, Васіля Уладзіміравіча Курса, Уладзіміра Міка-лаевіча Лысака, Соф’і Антонаўны Пятровай, Івана Паўлавіча Прыгары, Яўгена Цімафеевіча Шылава.

Словы шчырай павагі і падзякі ветэранам выказаў старшыня раённага савета ветэранаў Валерый Сураўнёў, ён пажадаў, каб ні адно наступнае пакаленне не зведала жахаў вайны. Любоў да бліжніх сваіх і вернасць воінскай прысязе дапамаглі салдатам выстаяць у той вайне, іх подзвіг павінен заставацца ў нашых сэрцах, каб мы ніколі не забылі, якой цаной была заваявана перамога, сказаў у сваёй прамове на мітынгу настаяцель Свята-Бо-гаяўленскага храма Глуска айцец Міхаіл, а ветэранам вайны і працы пажадаў сіл духоўных і цялесных, няхай людзі не забудуць гэты дзень.

Каб гэты дзень, 9 Мая, у Глуску прайшоў насамрэч запамінальна, адметна, урачыста і цікава, было арганізавана шмат самых розных мерапрыемстваў. У цені дрэў цэнтральнага парку размясцілася нямала дзіцячых атракцыёнаў, дзе малыя з задавальненнем бегалі, скакалі, каталіся, елі марожанае. На летняй танцавальнай пляцоўцы душэўнымі народнымі песнямі сустракаў глушчан народны ансамбль аматарскага аб’яднання «Зносіны». Вельмі ўдала ўпісаліся ў зону адпачынку і ў агульны настрой свята падвор’і мясцовых гаспадарак. Усе яны былі аформлены ў адпаведнасці з ваеннай тэматыкай: буданы з галінак, фатаграфіі франтавікоў, людзі ў гімнасцёрках, паходная кухня, салдацкая каша, смачная, з тушонкай. (Дзякуй тым, хто пачаставаў ёй журналістаў, няхай і не франтавых, не з кулямётам, а толькі з блакнотам — але ўсё ж такі на службе.) Малайцы РАПТЗ, эксбаза «Глуск», «Глуская Зара», «Турыно-агра», «Слаўгарадскі» — цікава прыдумалі (асабліва дрэва памяці), добра зрабілі, смачна нагатавалі.

Шмат усяго смачнага было на гандлёвым кірмашы раённага спажывецкага таварыства, дарэчы, тут таксама была салдацкая каша, да таго ж не за грошы, а так — падыходзь і частуйся. Людзі падыходзілі і частаваліся. Зрэшты, не адны толькі прысмакі вабілі глушчан і гасцей пасёлка. Шмат хто цікавіўся вырабамі юных умельцаў Цэнтра творчасці, майстроў Заеліцкага Дома рамёстваў, наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання РЦСАН. Выставу вырабаў, дэгустацыю ўласнай прадукцыі, бяспройгрышную латарэю і гульнявыя атракцыёны для дзяцей наладзіў Веснаўскі дом-інтэрнат. Дарослыя і дзеці падыходзілі, глядзелі, куплялі, гулялі. Калі ж аб’явілі пра пачатак паказальных выступленняў юных таэквандзістаў, гледачы накіраваліся бліжэй да стадыёна. І праўда, не расчаравалі трэнер Валянцін Сокал і яго выхаванцы глушчан і гасцей свята: тулі, баі, пастановачныя паядынкі — усё ўражвала і захапляла. Упэўнена, што з не меншым задавальненнем глядзелі і слухалі адпачываючыя святочны канцэрт з удзелам лепшых салістаў і танцораў раённага Дома культуры, а таксама харэаграфічнага ансамбля «Вясёлка» школы мастацтваў — песні ваенных гадоў, песні пра вайну, пра мір і шчасце, вясёлыя танцы стваралі і падтрымлівалі настрой, атмасферу свята.

А вось атмасфера і дух саперніцтва, спартыўнай барацьбы панавалі на пляцоўках і бегавых дарожках стадыёна. Тут праходзілі спаборніцтвы па міні-футболе, валейболе і футбол на вялікім полі. Пачнём менавіта з гэтай гульні, хаця яна і завяршала спартыўную праграму святочнага дня. У паядынку зборнай студэнтаў і зборнай, аснову якой складалі супрацоўнікі РАУС і РАНС, перамога дасталася тым, у каго больш сілы і вопыту, — прадстаўнікам сілавых структур.

У валейболе ж не было роўных студэнтам, іх зборная заняла першае месца, на другім — каманда з Заеліцы, на трэцім — аддзел па надзвычайных сітуацыях, зборная Глуска на чацвёртым месцы.

У міні-футбол гулялі школьнікі, і тут перамогу заваявала каманда школы № 1, другімі сталі гімназісты, на трэцім месцы школа № 2, потым футбалісты з Заеліцы.

Мацнейшыя школьныя бегуны змагаліся за званне самай хуткай каманды ў лёгкаатлетычнай змешанай эстафеце. У выніку хутчэй за ўсіх этапы прайшлі гімназісты, другі вынік паказала каманда школы № 2, трэцімі сталі лёгкаатлеты СШ № 1. Дыпломы адпаведных ступеняў і медалі спартсменам уручыў галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Ігар Сушчэня.

Магчыма, падчас такіх народных гулянняў, калі культурная праграма надзвычай разнастайная, спартсменам бракуе глядацкай увагі, балельшчыкаў збіраецца не так многа, як хацелася б і патрэбна было б для падтрымкі каманд. Але дзякуй ім за тое, што яны, спартсмены, збіраюцца, гуляюць, сапернічаюць і паказваюць усім астатнім, як трэба любіць спорт, актыўны адпачынак. Асаблівы дзякуй камандам дарослых спартсменаў, а сярод іх асобна — нашым глускім студэнтам, дакладней, тым глускім, хто стаў студэнтам. У такія дні яны спецыяльна прыязджаюць у Глуск, каб сабрацца, выйсці на пляцоўку і згуляць. Быць разам са сваімі землякамі. Асабліва ў такі дзень, як 9 Мая. Ці ж гэта не праяўленне патрыятызму? Так, вышэйшы патрыятызм праявілі ў свой час нашы мужныя абаронцы ў акопах. Але ж за тое яны і ваявалі, каб не трэба было ваяваць нам, іх нашчадкам. Таму мы свой патрыятызм паказваем у спорце, культуры, працы, у іншых мірных справах. Яшчэ і яшчэ раз дзякуй тым, хто даў нам такую магчымасць.

Больш фота глядзіце на http://www.glusk.by/fotogalereya/2018-god/