• Мемориальный комплекс Воинская СлаваМемориальный комплекс Воинская Слава
  • ПриродаПрирода
  • Районный историко-краеведческий музейРайонный историко-краеведческий музей
  • Отделение дневного пребывания для инвалидовОтделение дневного пребывания для инвалидов
Главная -  Новости -  Новости района

Разам са сваёй краінай

05.07.2017

Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь наша Глушчына адзначыла ўрачыста, прыгожа, шчодра, шматлюдна і весела.

Галоўная ўрачыстасць — святочны мітынг — праходзіла традыцыйна на Алеі Славы. І гэта зусім невыпадкова, адзначыў у сваім віншавальным слове старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Царыкаў. Менавіта ў гэтым месцы ўдзячныя глушчане ўвекавечылі памяць Герояў, сваіх землякоў: Герояў Сацыялістычнай Працы Надзеі Рудніцкай, Васіля Барысіка, Аляксандры Шаплыкі, Герояў Савецкага Саюза Ульяна Рыбака, Сцяпана Калінкоўскага, двойчы Героя Савецкага Саюза Сцяпана Шутава. Іх подзвігі ў гады вайны і ў няпросты пасляваенны час сімвалізуюць і з'яўляюцца прыкладам мужнасці і працавітасці нашых людзей, жыхароў раёна. Само ж гэта свята паказвае, што мы ўмеем цаніць і помніць мінулае, захоўваць і развіваць традыцыі, ісці наперад. Адзначаючы 3 ліпеня Дзень вызвалення, мы нязменна ўзгадваем і чэрвень 1941 года, таму асаблівыя словы падзякі адрасуем нашым паважаным ветэранам.

Зазначым, што зараз у Глускім раёне пражывае 14 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. На святочнай урачыстасці на Алеі Славы змаглі прысутнічаць Васіль Антонавіч Глаз, Уладзімір Мікалаевіч Лысак і Яўген Цімафеевіч Шылаў. Пад апладысменты прысутных старшыня райвыканкама ўручыў ім кветкі і матэрыяльную дапамогу. Матэрыяльная дапамога да Дня Рэспублікі была выплачана ўсім 14 ветэранам вайны. У памяць пра загінуўшых на мітынгу прайшла хвіліна маўчання.

Так, мы помнім і ўдзячны тым, хто выратаваў краіну ад зняволення ў гады вайны. Але заваяваную незалежнасць і сёння патрэбна ўтрымліваць і адстойваць: сумленна працаваць, любіць сваю зямлю самім і ў духу патрыятызму выхоўваць падрастаючыя пакаленні. Прыкладам такой сумленнай працы і высокіх прафесійных дасягненняў з'яўляюцца людзі, якія былі ўдастоены Ганаровых грамат раённага выканаўчага камітэта. Кіраўнік раёна іх уручыў члену Беларускага саюза жуналістаў, члену Саюза беларускіх пісьменнікаў Навуму Сандамірскаму і трэнеру па спорце фізкультурна-спартыўнага клуба Валянціну Сокалу. Граматай раённага Савета дэпутатаў адзначаны ўклад у грамадзянска-патрыятычнае выхаванне насельніцтва старшыні раённага савета ветэранаў Валерыя Сураўнёва, узнагароду ён атрымаў з рук старшыні раённага Савета дэпутатаў Андрэя Баброўніка.

У беларускага народа шлях да незалежнасці і свабоды быў доўгім і цяжкім. Не адно стагоддзе спатрэбілася нашым продкам, каб засяліць, абжыць, асвоіць сваю зямлю, абараніць яе ад ворагаў і перадаць у спадчыну нам, яе сённяшнім жыхарам. Сімвалам гэтай пераемнасці пакаленняў, прадаўжэння жыцця і працоўных традыцый сталі дзеці, якія выйшлі на чале дэлегацый ва ўніформе працоўных калектываў ускладаць кветкі да памятных знакаў Героям.

Не паскупіўся Глуск у гэты святочны дзень і на прыгажосць. Яна шырока і ў самых розных сваіх праявах была прадстаўлена на выставах Цэнтра творчасці (малюнкі, бацік, дэкаратыўныя вырабы), Заеліцкага Дома рамёстваў (вырабы з лазы, аплікацыя саломкай, разнастайныя рукадзеллі). Зацікавіў гасцей свята і пленэр, арганізаваны прама ў парку ўдзельнікамі гуртка выяўленчага мастацтва гімназіі. Між іншым, некаторыя гледачы не абмежаваліся назіраннем за работай юных мастакоў, а і самі спрабавалі свае здольнасці за мальбертамі. Прыкладам умельства і гаспадарчасці стала выстава вырабаў выкладчыкаў і выхаванцаў Веснаўскага дома-інтэрната: тут і драўляная мэбля (стулы, сталы розных памераў і мадыфікацый), і разнастайныя сувеніры, бо не хлебам адзіным жыве чалавек. Дарэчы, наконт хлеба і ўсяго, што з ім звязана. На бульвары Грахоўскага, куды пасля мітынгу перамясцілася гулянне, быў наладжаны гандлёвы кірмаш. Тут можна было як самім падсілкавацца рознымі прысмакамі ў палатках мясцовага райпо, так і з сабой накупляць садавіны, агародніны, мяса і каўбасаў, ды яшчэ і ў латарэях шчасця свайго паспрабаваць. І ўсё гэта — пад музыку і песні лепшых самадзейных артыстаў і работнікаў культуры клубных устаноў раёна — вось табе і шчодрасць, і весялосць, вось табе і шматлюднасць.

Яшчэ адным адрасам і ўзорам весялосці і шматлюднасці стала пляцоўка перад стадыёнам, дзе сабралася моладзь раёна на фестываль фарбаў, або "Холі-фэст". Гэта частка агульнага святкавання патрабуе асобнага погляду і асобных слоў. І скажа іх адзін з непасрэдных удзельнікаў гэтай моладзевай тусоўкі Антон Васіленка:

— Гэта падзея і насамрэч сабрала вялікую колькасць удзельнікаў: прыйшлі і дарослыя, і моладзь, і дзеці, усе яны сталі гледачамі і ўдзельнікамі сапраўды яркага і вясёлага свята. Адзін з галоўных атрыбутаў фестывалю — сухія фарбы, імі мы абсыпаліся пад музыку і афарбавалі сябе і ўсіх вакол ва ўсе колеры вясёлкі. Гэта быў час сапраўднай весялосці і радасці, танцаў і музыкі і вялікага мноства розных фарбаў — на тварах, руках, валасах, на вопратцы. Потым усё гэта лёгка змылася, а прыўзнятыя эмоцыі яшчэ доўга заставаліся і падтрымлівалі настрой. На памяць пра гэты незвычайны фэст юнакі і дзяўчаты зрабілі шмат селфі і фатаграфій, што адразу ж з'явіліся ў "ВКонтакте", у "Одноклассниках" і "Инстаграме". Ад імя ўсіх размаляваных хачу падзякаваць райкаму БРСМ і камандзе BelHolli за гэта каляровае свята.

А ўвогуле ў Глуску 3 ліпеня прайшло ўсё, што было заяўлена ў праграме святкавання: гульні для самых маленькіх "Чароўная карусель", атракцыёны ў парку, вячэрняя дыскатэка каля фантана. На завяршэнні Дня Незалежнасці глушчане разам з усімі беларусамі праспявалі гімн сваёй краіны — мірнай, вольнай, незалежнай.