rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Понедельник, 04 сентября 2023 10:54

Суседзі наладзілі свята. Цудоўнае, вясёлае свята — Дзень суседзяў — адбылося ў аграгарадку Калацічы ў мінулую суботу

Суседзі наладзілі свята. Цудоўнае, вясёлае свята — Дзень суседзяў — адбылося ў аграгарадку Калацічы ў мінулую суботу

Цудоўнае, вясёлае свята — Дзень суседзяў — адбылося ў аграгарадку Калацічы ў мінулую суботу, 26 жніўня. Прымеркавана яно было да значнай падзеі ў жыцці аграгарадка: 60-годдзя Калаціцкага сельскага Дома культуры.

Першая частка мерапрыемства была прысвечана Калаціцкаму сельскаму Дому культуры. За шмат гадоў існавання тут былі раскрыты таленты мноства людзей, для кагосьці клуб стаў стартавай пляцоўкай, каб расці і развівацца далей. Больш за 30 гадоў у сельскім Доме культуры ў Калацічах загадчыкам працуе сапраўдны майстар сваёй справы, творчы чалавек Зоя Сіраж.

Павіншаваць супрацоўнікаў СДК з юбілеем завіталі госці: старшыня Калаціцкага сельвыканкама Андрэй Баброўнік і дырэктар Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Глускага раёна Алена Грынёва. Жадалі творчых поспехаў, натхнення, адкрыцця новых талентаў, удзячных гледачоў. Алена Грынёва адзначыла, што яе шлях у прафесіі пачынаўся менавіта з Калаціцкага СДК. «На першы погляд праца работнікаў культуры здаецца лёгкай — спявай ды танцуй, але на самой справе гэта вельмі цяжкая штодзённая праца, — падкрэсліла Алена Уладзіміраўна. — Акрамя таго, гэта яшчэ і праца ў выхадныя і святочныя дні. Вось і думайце, ці ўсё так лёгка даецца, як яно выглядае».

Сапраўды, трэба быць адданым сваёй справе чалавекам, каб працаваць (і працаваць выдатна) на працягу дзесяцігоддзяў у сферы культуры. Як Зоя Міхайлаўна Сіраж. Менавіта за добрасумленную шматгадовую працу, значны ўклад у развіццё культуры Глускага раёна Зоі Міхайлаўне ад сектара культуры райвыканкама ўручылі Падзячнае пісьмо. У сваю чаргу загадчыца Калаціцкага СДК успомніла тых, хто 60 гадоў назад пачынаў тут працу, і адзначыла самых актыўных цяперашніх удзельнікаў клубных мерапрыемстваў. Шмат гадоў, не зважаючы на любыя перашкоды — дрэннае надвор’е ці не надта добрае самаадчуванне, яны ўдзельнічаюць у жыцці Дома культуры: выступаюць у Калацічах, выязджаюць з канцэртамі па раёне і за яго межы, бяруць удзел у розных фестывалях. Гэта Ірына Жаркевіч, Зінаіда Коласава, Зінаіда Багук, Марыя Пацай, Надзея Фамін, Зоя Глаз, Дзмітрый Каржнёў.

У Калаціцкі СДК прыходзяць займацца і творчыя дзеці. Яны першыя памочнікі ў дарослых і заняты амаль ва ўсіх мерапрыемствах: народных святах, гульнявых праграмах, казках. Ёсць у дзетак і сваё тэатральнае аб’яднанне. Дзецям, а таксама іх бацькам падзякавалі за ўнёсак у культуру і ўручылі салодкія падарункі і граматы.

Павіншаваць супрацоўнікаў Калаціцкага СДК прыехалі калегі з Заеліцкага Цэнтра культуры і вольнага часу, Бярозаўскага СДК і нават з Гарбацэвіцкага цэнтра культуры і вольнага часу (Бабруйскі раён). Дарэчы, з апошнімі калегамі, калектывам «Землякі», у Калаціцкага СДК даволі працяглае сяброўства і супрацоўніцтва — 20 гадоў. Выдатна, што трапіліся такія добрыя суседзі-калегі, з якімі працаваць прыемна і лягчэй. Нездарма ў беларусаў ёсць прыказка «Добры сусед лепш, чым далёкі сваяк», бо сапраўды гэта так. Сусед заўсёды побач, як кажуць, падтрымае і ў радасці, і ў бядзе.

А ў Калацічах увогуле сяброўства паміж суседзямі звычайная справа. Пра гэта казала і загадчыца сельскага Дома культуры Зоя Сіраж, калі прадстаўляла вяскоўцам самых дружных, вясёлых, гасцінных, добрых, гаспадарлівых, мудрых суседзяў. Вось, напрыклад, Марыя Рыгораўна Лобах. Гэтая 80-гадовая жанчына перадала ў падарунак сельскаму Дому культуры вялікую калекцыю тканых вырабаў, вышыванне і іншыя старадаўнія рэчы. Адзначылі таксама і жыццярадасную, вясёлую, пазітыўную суседку Надзею Максімаўну Савасцюк. Добразычлівасцю вызначаецца таксама Ірына Іванаўна Радько. Ніколі і нікому не адмаўляе ў дапамозе Зоя Лаппо. А як вам сяброўства і суседства даўжынёю ў 45 гадоў? У Калацічах ёсць і такія рэкардсмены: Надзея Мікалаеўна Дарошка і Валянціна Сяргееўна Змітровіч. Вялікімі кулінарнымі здольнасцямі і асаблівай гасціннасцю адметныя жыхаркі Калаціч Алена Чорная і Юлія Янчыленка. Дарэчы, і падчас вясковага мерапрыемства яны стаялі каля печкі, пяклі дранікі і частавалі суседзяў і гасцей. Акрамя гэтага, на стале былі і іншыя прысмакі, паласавацца якімі таксама ўсіх запрашалі. Са здзіўленнем пачула, што ў Калацічах кулінарнай справай займаюцца не толькі жанчыны, але і мужчына — Леанід Рудзько. Па словах вядучых, ён майстар хатніх нарыхтовак: вельмі смачныя атрымліваюцца гуркі ды іншая кансервацыя. Ёсць у Калацічах і таленавітыя вясковыя дызайнеры, якія ўпрыгожваюць свае дамы, а разам з тым і вёску. Напрыклад, Земфіра Янчыленка. Гэта яе казачна ўпрыгожаны да Новага года дом прыцягваў увагу жыхароў аграгарадка. Яшчэ адна творчая суседка, Тамара Парыч, аздобіла дэкарацыямі гэта святочнае мерапрыемства. Тут і тканыя льняныя ручнікі, карытцы і самапрадка, кветкі і грыбы, нават сям’я з гарбузоў — тата, мама і дзіця з пустышкай у роце. Была ў гэтай кампазіцыі і думка пра будучае: на вялікім капусным качане сядзела лялька-немаўля. Усім гэтым выдатным суседзям ад Калаціцкага сельскага Дома культуры былі ўручаны падарункі.

І, безумоўна, ні адно свята не абыходзіцца без песень, іх на святочным мерапрыемстве ў Калацічах было шмат. Пелі і мясцовыя артысты, і сваю вялікую канцэртную праграму ў падарунак да юбілею Калаціцкага СДК падрыхтавалі артысты з Гарбацэвіч. Гледачы шчыра дзякавалі артыстам за выступленне апладысментамі, а некаторыя нават і ў скокі ішлі.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ
Фота аўтара




При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома

Фотогалерея

© 2007-2024
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт