З рук кіраўніка вобласці Леаніда Зайца грамату прымаў старшыня Глускага раённага Савета дэпутатаў Вячаслаў Асташэвіч. Дзелячыся сваімі ўражаннямі ад цырымоніі, ён нагадаў, што Глускім раёнам у 2019 годзе былі выкананы 11 з 13 даведзеных ключавых паказчыкаў і заданняў сацыяльна-эканамічнага развіцця, у тым ліку экспарт тавараў, працаўладкаванне грамадзян на створаныя рабочыя месцы, вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі, рознічны тавараабарот, аб’ём будаўніча-мантажных работ і некаторыя іншыя.
Ці трэба казаць, што гэта ўзнагарода — агульны здабытак усіх жыхароў Глушчыны, хто сумленна працуе, выконвае і перавыконвае планы, прымае адказныя рашэнні, робіць сваю работу якасна, граматна і дакладна. Акрамя таго, выбітным жыхарам Прыдняпроўскага краю былі ўручаны спецыяльныя пасведчанні аб занясенні іх імён у Кнігу славы Магілёўшчыны па выніках 2019 года. Такога гонару ўдастоены сем жыхароў вобласці, сярод іх працаўнікі сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, прадстаўнікі падатковых органаў, духавенства, хто за сваю працу і актыўную грамадскую дзейнасць ужо мае высокія дзяржаўныя ўзнагароды.
Па словах Вячаслава Асташэвіча, урачыстасць была арганізавана годна і прыгожа. Добрыя словы сабраўшымся сказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, ён адзначыў, што падмурак сучаснай Беларусі закладвалі нашы ветэраны вайны і працы і цяпер іх справу прадаўжае кожны з нас. Мы разам будуем прамысловыя і сельскагаспадарчыя аб’екты, жылыя дамы, дзіцячыя сады і спартыўныя пляцоўкі, і мы ганарымся тым, што Магілёўшчына ўносіць свой важкі ўклад у развіццё дзяржавы.

