Забяспечыць выкананне задання па вытворчасці малака за кастрычнік — снежань гэтага года — такая задача пастаўлена губернатарам перад камітэтам па сельскай гаспадарцы, а значыць, і перад кіраўнікамі раёнаў і гаспадарак, падкрэсліў Уладзімір Капусцін, і для гэтага ўсё ёсць: пагалоўе, кармы, памяшканні, спецыялісты і работнікі. Пры гэтым павялічыць патрэбна не толькі вытворчасць малака, але і яго якасць, яно павінна ісці толькі вышэйшым сортам і экстра, тых, хто будзе здаваць першы сорт, патрэбна прыцягваць да адказнасці, больш таго, з 1 лістапада такое малако прымаць не будуць. У раёне пакуль што адна гаспадарка, «Турыно-агра», прыкладна палову малака здае сортам экстра, у астатніх яго ўвогуле няма, між тым у каровы ў вымені толькі такое малако, а мы бяром і пагаршаем яго якасць, сказаў Уладзімір Віктаравіч. У мясцовых гаспадарках нізкія сярэднясутачныя ўдоі на карову, адсюль нізкія аб’ёмы прадукцыі, адсюль жа і нізкія зарплаты работнікаў — усё звязана адно з адным, падкрэсліў ён. Як павысіць надоі, павялічыць прадукцыйнасць жывёлы, палепшыць справы ў галіне жывёлагадоўлі, дзе тыя рэзервы, якія можна задзейнічаць, каб мець высокія паказчыкі, — пра ўсё гэта падрабязна, з прыкладамі, дакладнымі лічбамі і парадкам выканання работ, рацыёнам кармлення кожнай групы жывёлы, гаварыў і паказваў на месцы Уладзімір Капусцін. Упарадкаваць усе планавыя работы з жывёлай дапамогуць тэхналагічныя карты, якія павінны быць на кожным комплексе, яны ж дапамогуць бачыць і ведаць ход спраў і стан жывёлы на выпадак змены кадраў, якая ў сельгасарганізацыях, на жаль, не рэдкасць (а то бывае, што пайшоў спецыяліст і з ім усё пайшло, а новы прыходзіць быццам на пустое месца).
Зразумела, што спецыялісты і кіраўнікі гаспадарак многае з таго, што гаварылася на семінары, у свой час вучылі і ведаюць, аднак узгадаць штосьці з забытага, пачуць новую інфармацыю, даведацца пра сучасныя патрабаванні і падыходы нікому не пашкодзіць, рэзонна заўважыў першы намеснік старшыні аблвыканкама Анатоль Уласевіч. «Такія семінары праводзяцца пачаргова ва ўсіх раёнах, — сказаў ён, — мы не толькі вучым вас, але і самі вучымся таму новаму і перадавому, што ёсць у нашых гаспадарках». Навукова-тэхнічны прагрэс не стаіць на месцы, зазначыў Анатоль Уласевіч, цяпер у сельгасвытворчасці задзейнічана магутная сучасная тэхніка, новае абсталяванне выкарыстоўваецца ў жывёлагадоўлі, свае распрацоўкі прапаноўваюць навукоўцы. Усё гэта патрэбна ведаць, выкарыстоўваць і прымяняць у сябе. Толькі на выкананні тэхналогіі кармлення, утрымання жывёлы з тымі кармамі і з той матэрыяльнай базай, што ёсць, без прыцягнення дадатковых рэсурсаў, кожная гаспадарка можа павысіць удоі малака на паўтара-два літры ўжо на трэці дзень. Вось чаму тэхналогію Анатоль Уласевіч назваў яе вялікасцю і царыцай эканомікі кожнай гаспадаркі.


