Першае, што кінулася ў вочы пры ўваходзе ў хлеў, дзе знаходзяцца больш за дзвесце дойных рагуль, гэта пасыпаны вапнай праход. Чыста, утульна, плюс добрая дэзінфекцыя памяшкання. Усюды пабелены сцены, статак падзелены на групы, для кожнай з іх — асобны рацыён. У меню жывёлы дастаткова сенажу, сіласу, камбікорму, сена, макухі, вады, у патрэбных прапорцыях у кармасумесь дадаюцца розныя прэміксы і дабаўкі. Жывёлы паядаюць такі спажыўны корм вельмі ахвотна.
Штодзённа на ферме прытрымліваюцца належнага распарадку, запэўніла загадчыца МТФ Жанна Сямёнава. Кароў кормяць двойчы на дзень, у шэсць гадзін раніцы і ў пяць вечара. Працаўнікі фермы — аператары машыннага даення, жывёлаводы, загоншчыкі, слесар, дзённы вартаўнік — кожны на сваім месцы, дасканала ведаюць свае абавязкі, імкнуцца выконваць іх своечасова і дакладна, адзначае загадчыца фермы. Зрэшты, гэта было бачна і падчас семінара: дзённы вартаўнік Руслан Раманоўскі падварушваў сілас з канцэнтратамі на кармавых сталах. Рабіць так патрэбна кожныя паўтары — дзве гадзіны, гэта стымулюе жывёліну з’ядаць як мага больш і, у сваю чаргу, спрыяе павышэнню надояў. Належны догляд наладжаны тут і за цялятамі: іх кормяць спецыяльным (у адпаведнасці з узростам) камбікормам, даюць малако, потым яго замяняльнікі, у доміках дастаткова саломы — для чысціні і цяпла.
Тэхналагічны працэс на ферме ў Бярозаўцы арганізаваны ўмела, засяродзіў увагу прысутных старшыня райвыканкама Сцяпан Чачуха і зазначыў, што гэта добры прыклад для іншых. Якасць малака, прадукцыйнасць жывёлы залежаць не столькі ад мадэрнізацыі вытворчасці, новага абсталявання, колькі ад людзей, іх адказнасці і сумленнасці, строгага выканання працоўнай дысцыпліны, падкрэсліў кіраўнік раёна, тады і вынікі не прымусяць сябе чакаць. Сцяпан Чачуха запатрабаваў ад кіраўнікоў гаспадарак палепшыць вытворчыя паказчыкі, для гэтага трэба навесці належны парадак на ўсіх жывёлагадоўчых аб’ектах, павысіць дысцыпліну.
На жаль, не на ўсіх фермах раёна падтрымліваюцца чысціня і парадак, не ўсе жывёлаводы да справы адносяцца сумленна. Спецыялісты наведалі таксама Клятнянскі малочна-таварны комплекс ААТ «Аграфірма «Слаўгарадскі», дзе пагалоўе дойнага статка зараз складае каля 670 кароў. Дарэчы, у кастрычніку мінулага года на яго базе праходзіў семінар-вучоба па жывёлагадоўлі. На ім вучылі граматнаму выкананню тэхналогій кармлення і ўтрымання жывёлы, каб павялічыць вытворчасць малака і яго якасць. Аднак да рэкамендацый і патрабаванняў спецылістаў тут, на жаль, не прыслухаліся: у дзень нашага прыезду на МТК у 11 гадзін раніцы каровы былі некормленыя, да таго ж з-за недахопу кармоў жывёле даюць есці толькі раз на дзень.
Сёння на Клятнянскім МТК удой ад каровы складае, як і на бярозаўскай ферме, амаль пяць кілаграмаў малака, пры тым, што летась каровы давалі значна больш малака. Сваю прадукцыю сёння гаспадарка прадае першым гатункам (у мінулым годзе малако прадавалі вышэйшым). Як бачым, пры амаль аднолькавых удоях жывёлаводы з Бярозаўкі зрабілі стаўку на якасць, імкнуцца павысіць сваю планку, а клятнянскія, наадварот, мінусуюць, і па якасці, і па колькасці. Зніжэнне паказчыкаў вытворчасці на МТК у Клетным, лічыць старшыня райвыканкама Сцяпан Чачуха, звязана перш за ўсё з недахопам кармавой базы, парушэннем тэхналогій, безадказнасцю работнікаў і бескантрольнасцю з боку кіраўніка гаспадаркі. Таму за парадкам на жывёлагадоўчых аб’ектах працягнуць сачыць, патрабаваць за выкананне працоўных абавязкаў будуць строга і яшчэ больш. Каб раслі паказчыкі вытворчай дзейнасці, а разам з імі — і заробкі працаўнікоў.

