Наш рэдакцыйны рэйд у гаспадарку на мінулым тыдні пачаўся з тэрыторыі мехдвара. Менавіта там заканчваў рамонт свайго энерганасычанага «Беларуса-3522» адзін з перадавых трактарыстаў-машыністаў «Зары Камуны» Васіль Вежнавец. Ды што там «Зары Камуны» — па выніках работы за 2020 год ён прызнаны пераможцам спаборніцтва сярод работнікаў вядучых прафесій Глускага раёна з прысваеннем звання «Лепшы механізатар» (выпрацаваў 5762 умоўных эталонных гектара пры эканоміі гаруча-змазачных матэрыялаў). У асноўным араў ды сеяў, узгадвае ён сваю мінулагоднюю работу, зараз таксама заняты на сяўбе. «На жаль, выйшла паломка, але патрэбную дэталь ужо прывезлі, зраблю — і сёння ж у поле, бо прастой зараз непажаданы, ні для работы, ні для заробку», — кажа механізатар. «Васіль Вежнавец — добры работнік, не гультай, працаваць умее, вопыт мае, таму і давяраем яму сяўбу, гадоў дзесяць ці больш ён у нашай гаспадарцы,» — характарызуе трактарыста-машыніста галоўны аграном «Зары Камуны» Валерый Шарстнёў.
Дарэчы, Валерый Рыгоравіч і сам не навічок у сваёй справе — практычнага стажу за 30 гадоў мае, і ўвесь час у раслінаводстве, быў памочнікам брыгадзіра, брыгадзірам, цяпер вось галоўны спецыяліст, ведае механізатараў, хто як працуе, ведае кожнае поле. Ён і быў нашым гідам падчас рэйду, знаёміў з людзьмі, ён жа параіў сустрэцца з маладым механізатарам Уладзіславам Багуном. «Працуе нядаўна, вопыту пакуль мала, але вельмі старанны», — так сказаў пра яго.
«Зару Камуны» Уладзіслаў Багун прыйшоў працаваць паўгода назад, пасля заканчэння Клічаўскага каледжа, дзе атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка. Тое, што ў гаспадарцы працуе механізатарам, яго ніяк не засмучае — усякая справа — гэта новы вопыт, трэба і на трактары сябе паспрабаваць, да таго ж усё гэта так ці інакш звязана з атрыманай спецыяльнасцю, вывучаў і саму тэхніку, і навясное абсталяванне да яе, дзеліцца сваімі думкамі Уладзіслаў. Зараз ён не проста трактарыст, а яшчэ крыху і сейбіт: на трактары «Беларус 1221» з сеялкай СПУ-6 падсявае шматгадовыя травы, у дзень нашага прыезду працаваў на полі каля Кляшчоўкі, падсеяная плошча ў 20 гектараў (на 9 красавіка) — яго справа.
На выхадных палявыя работы ў гаспадарцы прадоўжыліся, і на раніцу 12 красавіка ў «Зары Камуны» ўжо было пасеяна больш за 120 гектараў аўса, падрыхтавана 169 гектараў глебы, падкормлена азотнымі ўдабрэннямі 150 гектараў шматгадовых траў, 270 азімых зерневых і 115 азімага рапсу, што адпавядае 77 працэнтам да патрэбнага.


