З добрым вынікам, з першай перавезенай тысячай тон яго ўчора павіншавалі старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Надзея Жук і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Самуйлік. Аляксею Хромчанку падзякавалі за добрую працу і пажадалі перавезці яшчэ не адну тысячу тон збожжа. Добрым матэрыяльным стымулам будзе і грашовая прэмія, выданая лідару ўборачнай, а для маральнага настрою — Падзяка і вымпел перадавіка жніва, а таксама чырвоныя майка і кепка, каб здалёк бачна было, хто робіць чарговы рэйс з зернем новага ўраджаю. Для падняцця настрою на працу для яго і іншых вадзіцеляў і камбайнераў над полем прагучалі песні — іх прывезлі і праспявалі ўдзельнікі самадзейнасці Заеліцкага ЦКіВЧ. Было ўсё гэта на полі каля вёскі Малкава, тут працавалі пяць камбайнаў і два МАЗы: на адным — Аляксей Хромчанка, на другім — Сяргей Хількевіч (ён якраз стаў пад загрузку). На раніцу ўчарашняга дня ў аграфірме «Слаўгарадскі» было зжата 958 гектараў зерневых, уборачная тут набліжаецца да свайго экватара: жніво праведзена больш як на 46 працэнтаў.


