Не раз я ўжо была на абласных «Дажынках», але не перастаю здзіўляцца творчай фантазіі арганізатараў фестывалю-кірмашу, а галоўнае — яе ўвасабленню. І на гэты раз чаго толькі не было! Падворкі раёнаў вобласці кожны адметны і каларытны: вырабамі майстроў, дарамі зямлі, мясцовымі стравамі... Усюды — свае артысты, нават міні-тэатры. Усё захапляе, усё цікавіць, усё хочацца паспытаць, усіх хочацца паслухаць. Наведвальнікаў — мора, яны ўсё плывуць і плывуць у гаманкім патоку. І гэта так весела і цудоўна, што не зважаеш на лістапад, бо свята вельмі цёплае атрымалася.
Афіцыйныя дэлегацыі раёнаў у гэтым годзе былі невялікія: свята святам, а санітарныя нормы стараліся выконваць. З Глушчыны нас прыехала дзесяць чалавек, узначальваў дэлегацыю старшыня райвыканкама Сцяпан Чачуха. Акрамя таго, былі на свяце глускія работнікі культуры, артысты і майстры. Падворак Глушчыны, багатай на дары лясоў і балот, так і прывабліваў жадаючых набыць нашых грыбоў ды ягад, асабліва журавін. Як гарачыя піражкі, разыходзіліся карзіны майстроў Дома рамёстваў. Не адыходзілі госці свята і ад нашага бондара, выбіралі бочачкі, распытвалі, як ён робіць такую прыгажосць. Было яшчэ шмат цікавага. Уразіла выстава новай сельгастэхнікі, спадабаліся прывезеныя кожным раёнам на конкурс святочныя караваі і снапы, а канцэрт, падрыхтаваны для пераможцаў абласных «Дажынак» і гасцей, быў такі цудоўны! Багатая Магілёўшчына!






