Зрабіць макет і выканаць усе патрабаванні арганіза-тараў было даволі складана. Макет павінен быць максімальна рэалістычным. Неабходна было «пабудаваць» вёску такой, як яна выглядала да вайны, да трагічных падзей, з усімі вуліцамі і пабудовамі — хатамі, хлявамі, калодзежамі, клубам і іншымі. Акрамя таго, на макеце абавязкова павінен быць адлюстраваны ландшафт, а яшчэ неабходна выдзеліць тое збудаванне — хлеў, клуб або школу, дзе акупанты спалілі жыхароў вёскі.
Амаль паўгода ўдзельнікі акцыі вывучалі гістарычныя дакументы, карты, шукалі ўспаміны і размаўлялі са сведкамі падзей Вялікай Айчыннай вайны, каб дакладна, рэалістычна зрабіць макет.
На пачатку 2022 года работа была завершана, і ўдзельнікі акцыі прадставілі свае макеты на суд экспертаў, якія павінны былі выбраць з усіх самы лепшы. У склад экспертнай камісіі ўвайшлі намеснік старшыні Глускага райвыканкама Анатоль Ласоцкі, старшыня Глускага раённага Савета дэпутатаў Вячаслаў Асташэвіч, пракурор раёна Андрэй Ларкін, старшыня раённага савета ветэранаў Тамара Толсцік і адказны сакратар гэтай арганізацыі Ніна Беразоўская. Па праўдзе кажучы, вызначыць (хоць і з невялікай колькасці макетаў) самую лепшую работу было складана, амаль немагчыма. Кожны з макетаў чымсьці адметны, удзельнікі вельмі старанна і адказна аднесліся да выканання работы. Работа Цэнтра творчасці Глуска Напрыклад, майстры з Завалочыцкай школы на макеце вёскі Тоўсты Лес не толькі паставілі хаты і гаспадарчыя пабудовы, але і «пакрылі» дахі хлявоў адмысловым матэрыялам, падобным на чарот, а хаты «накрылі» гонтай, ажывілі вёску дрэвамі, раслінамі, хатнімі жывёламі. Вось кот заскочыў на плот, калі ўцякаў ад сабакі. І сабака тут як тут — стаіць і паглядае на ката, але дастаць не можа. А вось праз паламаны плот тырчыць пятак парсючка, непадалёк каровы шчыплюць сена са стога... І нават на брамцы можна заўважыць маленечкую ручку. Дарэчы, у сваёй працы калектыў Завалочыцкай школы выкарыстаў успаміны Вольгі Дзмітрыеўны Герман, якая да вайны жыла ў вёсцы Тоўсты Лес. На макеце вёскі Паршчахі, які выканалі ў сярэдняй школе № 1, дахі мініяцюрных сялянскіх дамоў і хлявоў пакрыты саломаю, у іх ёсць пячныя трубы, вокны і дзверы. Каля хат — калодзежы. Рэалістычнасці макету дадае тое, што тут нават дровы складзены так, як іх калісьці складвалі вяскоўцы. Больш за ўсё экспертаў уразіў вясковы плот з жэрдак: менавіта так і агароджвалі некалі сяляне свае надзелы зямлі, а вось каля хат плота не было. Гэтую асаблівасць і перадалі на макеце майстры з першай школы. Макет спаленай вёскі Белай, які зрабілі ў СШ № 2, уразіў усіх прысутных. Хоць ён і не адпавядае патрабаванням арганізатараў акцыі, таму што паказвае вёску ўжо спаленай, але па насычанасці падзеямі, па эмацыянальнасці яму роўных не было. Тут мы бачым ужо не мірную вёску, а жудасную вайну. Спаленыя хаты, ад якіх засталіся толькі закопчаныя пячныя трубы. Гітлераўцы з аўтаматамі наперавес ходзяць як гаспадары па вуліцы. Кругом — ад сажы шэры, а месцамі і чорны снег. Гарыць вялікі хлеў, а яго дзверы падпёртыя тоўстымі жэрдкамі... Яшчэ адзін макет вёскі Паршчахі выканала педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці Глуска Валянціна Жлобіч. І хоць макет выкананы схематычна, без падрабязнасцей, але экспертаў уразіў яго маштаб, матэрыялы і вялікая праца, якую выканала Валянціна Жлобіч. У выніку эксперты сышліся ў адзіным меркаванні, што ўсе работы вартыя таго, каб прадстаўляць наш раён на абласным узроўні ў Магілёве. На працягу месяца макеты будуць выстаўлены ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, а потым вернуцца ў Глуск і зоймуць пачэснае месца ў экспазіцыі раённага краязнаўчага музея.




