Вывазка і ўнясенне арганікі якраз з разраду такіх важных спраў, бо з няўгноеных палеткаў, гэта вядома нават неспецыялістам, багата не збярэш. У адкрытым акцыянерным таварыстве «Глускае райаграпрамтэхзабеспячэнне» вывазкай і ўнясеннем арганікі зараз займаюцца найбольш актыўна. Каб пабачыць ход работ, мы 16 сакавіка выехалі на месца. Пры плане 24 тысячы тон на палеткі было вывезена 14 тысяч 109 тон угнаення, што складае 59 працэнтаў да патрэбнага. Гэтым відам работ у гаспадарцы займаюцца ўжо месяц з лішнім, адзначыў выконваючы абавязкі дырэктара ААТ Мікіта Бяляцкі, да ўнясення арганікі прыступілі з 5 сакавіка. Да сярэдзіны месяца была ўнесена амаль палова вывезенай колькасці: 6 тысяч 735 тон, або 48 працэнтаў ад таго, што ёсць на палях. На работах задзейнічаны розныя механізатары і вадзіцелі, адзначае Мікіта Рыгоравіч. У дзень нашага прыезду людзі і тэхніка працавалі за вёскай Мыслоціна. Каля тамтэйшай фермы на «Амкадоры» пагрузкай арганікі займаўся механізатар Сяргей Зімаеў, а пад пагрузкай (засыпалі апошні коўш) стаяў МАЗ, на якім працуе Уладзімір Клыга. Калі груз быў дастаўлены на поле і акуратна ссыпаны ў вялізны бурт, Уладзімір Мікалаевіч рушыў у чарговы рэйс. А па полі ўжо ехалі два трактары з раскідвальнікамі, на ўнясенні арганікі 16 сакавіка былі заняты механізатары Сяргей Шчэрба і Эдуард Ермаловіч. Анатоль Ахрэмчык — другі вадзіцель, які займаўся вывазкай угнаення на палі. Унясенне арганікі тут вядзецца пад кукурузу, тлумачыць Мікіта Бяляцкі. Літаральна днямі ў гаспадарцы прыступяць да ўзворвання глебы. Палявыя работы набіраюць ход.

