Зазначу, што гэта першы падобны вопыт для нашага глускага музея, хаця задумка далучыцца да міжнароднай акцыі, па прызнанні дырэктара Наталлі Акуліч, была даўно, але не ўдавалася па розных аб’ектыўных прычынах.
Прайсці міма такой падзеі карэспандэнты раёнкі не маглі, і ў пятніцу к шасці вечара я таксама прыйшла ў музей.

У чым сутнасць Ночы музеяў, якая звычайна праходзіць у маі, бо 18 мая — Міжнародны дзень музеяў? У тым, што музейныя экспазіцыі можна агледзець не ў звыклы працоўны час, а позна ўвечары ці нават уначы. У вялікіх старадаўніх музеях-замках (у тых, дзе водзяцца прывіды і ёсць магчымасць ладзіць, да прыкладу, балі) Ноч музеяў і праўда можа доўжыцца да раніцы, у нас яна праходзіла з шасці да дзевяці вечара.
Наведвальнікам прапанавалі не толькі экскурсію па залах музея. Дарэчы, цікавую; хоць сама я да гэтага некалькі раз бачыла экспанаты і слухала аповед экскурсавода — не-не ды і ўсплыве цікавая дэталь, прыгадаецца паўзабыты факт.

Дык вось, акрамя пастаяннай экспазіцыі, можна было наведаць выставу «Вясельныя сезоны», набыць на памяць вырабы мясцовых рамеснікаў або што-небудзь са шматлікіх сувеніраў. Яшчэ ўсіх частавалі чаем з сапраўднага самавара на шышках, і ўсё гэта — пад гукі рэтрамузыкі з рэтрарадыёлы. Папярэдне можна было запісацца на майстар-клас па жывапісе: яго ўдзельнікі разам з кіраўніком аб’яднання «Арт-шок» Аленай Пятровай у стварэнні карцін натхняліся майскім вечарам.
https://www.glusk.gov.by/news/news-raion-ru/item/3360-u-pyatnitsu-19-maya-gluski-rajonny-gistoryka-krayazna-chy-muzej-zaprasi-usikh-zhadayuchykh-na-interakty-nuyu-pragramu-noch-muzeya-kvitneyuchy-maj#sigProId9c6b5aac71
Пра наведвальнікаў. Большасць з іх — гэта якраз тыя, хто даўно займаецца ў «Арт-шоку», але прыйшлі і іншыя, цікава, што ўсе дарослыя, толькі дзве школьніцы завіталі на некалькі хвілін. Для першага разу тых чалавек дзесяць ці крыху болей гасцей — няблага.
https://www.glusk.gov.by/news/news-raion-ru/item/3360-u-pyatnitsu-19-maya-gluski-rajonny-gistoryka-krayazna-chy-muzej-zaprasi-usikh-zhadayuchykh-na-interakty-nuyu-pragramu-noch-muzeya-kvitneyuchy-maj#sigProIdf9d88ec31a
Людзі ў нас сарамлівыя, цяжкія на пад’ём, тым болей вечар пятніцы, у кожнага свае клопаты. Важна, што з тых, хто прыйшоў, ніхто не расчараваўся. Ды і тыя, хто міма праязджаў-праходзіў, цікавіліся, прыглядаліся, прыслухоўваліся, прысаджваліся на лавачку паслухаць музыку. А ў наступным годзе музей зноў намерваецца запрасіць глушчан на Ноч музеяў. Майце на ўвазе.
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ
Фота аўтара