Размова атрымалася адносна нядоўгай, каб не затрымліваць тэмп работ, аднак змястоўнай. Маладыя людзі — самая мабільная, актыўная частка насельніцтва, заўважыў старшыня райвыканкама, ад іх залежыць, якой будзе наша краіна, на іх ляжыць адказнасць за будучыню, ім захоўваць і зберагаць тое, што будуецца і ўмацоўваецца зараз. Гаворка не толькі і не столькі пра матэрыяльнае, а ў першую чаргу пра традыцыі і каштоўнасці. «Моладзь найбольш паддаецца ўплыву, і пазітыўнаму, і, на жаль, дэструктыўнаму, але ж вельмі важна, каб у нашай краіне мужчыны заставаліся мужчынамі, жанчыны — жанчынамі, нейкія навейшыя каштоўнасці нам не патрэбны, і якраз ад вас залежыць, ці захаваем мы сваё, спрадвечнае, сапраўднае», — звярнуўся да сабраўшыхся Уладзімір Кніга.

Закрануў старшыня таксама кадравую тэму. «Вы бачыце, які зараз кадравы голад, у кожную, лічы, арганізацыю патрабуюцца работнікі, — звярнуў увагу юнакоў і дзяўчат Уладзімір Валянцінавіч. — Добра вучыся, добра працуй, рухайся па кар’ернай лесвіцы... З гэтым сёння ніякіх праблем».
Гаварылі яшчэ пра раённы суботнік, Уладзімір Кніга расказаў, куды плануецца накіраваць сродкі, і папрасіў аднесціся да збору грошай з паразуменнем: яны застануцца ў раёне, будуць патрачаны на патрэбы глушчан, у прыватнасці, у планах — абнавіць дыягнастычнае абсталяванне ў райбальніцы. Для маладых, можа, яшчэ і не актуальная тэма, але ж у іх ёсць сталыя сваякі, для якіх новая апаратура ў бальніцы будзе, магчыма, і дарэчы.
Што да зададзенага пытання, калі нарэшце пакладуць асфальт па вуліцы Кірава ў Глуску, старшыня райвыканкама растлумачыў: «Грошы на гэта ўжо ёсць, мы маглі зрабіць рамонт і к 9 Мая. Але ж лагічна, каб спачатку свой рамонт водаправоднай сеткі выканаў "Вадаканал", і акурат зараз гэтыя работы ідуць. Завершацца — тады ўжо можна і асфальт класці, не перажываючы, што вось ізноў яго перакапаюць».
Сяголета на Магілёўшчыне капітальны рамонт праводзіцца ў многіх установах адукацыі, але ў Глускай СШ № 1 — самы вялікі аб’ём работ, заўважыў Уладзімір Кніга. Закончыць іх абавязкова трэба да 15 жніўня, каб застаўся час на падрыхтоўку кабінетаў, бо неабходна ж яшчэ расставіць мэблю, раскласці метадычныя матэрыялы, надаць класам патрэбны выгляд. Таму і працуюць на аб’екце, акрамя нашай ПМК-249, будаўнічыя арганізацыі з іншых раёнаў: каб паспець у тэрмін. «Першага верасня школа павінна прыняць вучняў», — зазначыў старшыня і выказаў спадзяванне, што маладыя будаўнікі не падвядуць, работы будуць завершаны ў свой графік, без аўралу і начных змен. Будаўнікі паабяцалі.

Пасля сустрэчы мы з фатографам прайшліся па школе, так сказаць, «зацанілі» аб’ём работ і зафіксавалі працэс. На аб’екце працуюць 98 чалавек, у тым ліку з Глускай ПМК-249, якая выступае субгенпадрадчыкам, — 44.

На ўсіх трох паверхах, расказаў кіраўнік ПМК-249 Аляксандр Жукаў, ідуць аддзелачныя работы, на іх заняты будаўнікі нашай ПМК, Клічаўскай ПМК-258, бабруйскага МДБК (міжраённы домабудаўнічы камбінат), яны тынкуюць сцены, шпаклююць іх, грунтуюць і зачышчаюць, рыхтуючы пад афарбоўку. У памяшканнях сталовай і харчаблока працуюць работнікі МДБК, за электраправодку і трубы адказваюць работнікі са спецыялізаваных арганізацый Бабруйска і Магілёва, за сантэхніку — Глуская ПМК, сцяжку падлогі і пакрыццё яе полісціролбетонам выконваюць спецыялісты бабруйскага і асіповіцкага прадпрыемстваў, работамі на даху (зараз ідзе дэмантаж пакрыцця) займаюцца пяць чалавек з таксама спецыялізаванай бабруйскай арганізацыі.

явілі маштаб работ? Работнікаў са старонніх арганізацый магло быць меней, хаця б тых жа тынкоўшчыкаў і муляроў, але справа ў тым, што рабочыя ПМК-249 заняты адначасова на некалькіх аб’ектах (будуюць шматкватэрны дом у Глуску, працуюць у Асіповічах, у недалёкіх планах — вялікі аб’ект у Веснаўскім доме-інтэрнаце) і сапраўды могуць не ўкласціся ў вызначаныя тэрміны. Аднак жа, хоць на любой будоўлі хапае пытанняў, заўважыў Аляксандр Жукаў, увогуле прэтэнзій да якасці працы камандзіраваных работнікаў няма, усе разумеюць адказнасць той справы, якую робяць, і робяць яе так, каб не было сорамна ні перад заказчыкам работ, ні перад дзецьмі, што прыйдуць вучыцца ў школу, ні перад сваім сумленнем. А.
ВАСІЛЕЎСКАЯ
Фота А. ЗМІТРОВІЧ