
Да першага ўкосу ў раёне запланаваны 6140 гектараў: 2010 га шматгадовых і 4130 лугавых траў.

Старшыня райвыканкама Уладзімір Кніга і дырэктар «БНБК-АГРА Глуск» Міхаіл Крукоўскі
У пятніцу 26 мая на полі за Брадамі сабраліся кіраўнікі і спецыялісты сельгасарганізацый, упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, «БНБК-АГРА Глуск». Адкрыў семінар старшыня Глускага райвыканкама Уладзімір Кніга. Ён абазначыў мэты семінара і нагадаў, што марудзіць няма як: засушлівае надвор’е не спрыяе буянню травы, і таму ад першага ўкосу трэба паспець узяць максімум. Аптымальны тэрмін для першай касавіцы — 10–12 дзён. «Ужо колькі дзён у нас ні кроплі дажджу, усё паказвае на тое, што сёлета мы будзем змагацца за кожную тону зялёнага корму», — зазначыў Уладзімір Кніга. Вось і ўступнае слова старшыні было нядоўгім, адразу перайшлі да першага пункту на парадку дня.

Перайшлі літаральна — падышлі да тых самых касілак і іншай тэхнікі, якая забяспечвае тэхналагічны працэс корманарыхтоўкі. Тут далі слова інжынернай службе і механізатарам.
Вось, напрыклад, КМР-9 — касілка модульная ратацыйная, айчынная, вытворчасці «Лідаграпраммаша». Шырыня захвату — 9 метраў, скошаную масу агрэгат адразу складвае ў пракосы. Іменна такіх касілак у раёне зараз дзве, на балансе машынна-трактарнай станцыі «БНБК- АГРА Глуск». На прыкладзе КМР-9 прысутным расказалі, як рэгуляваць вышыню зрэзу, шырыню валка, іншыя моманты. Так, ад таго, ці правільна адладжаны нажы, ці яны вострыя, залежыць не толькі якасць скошанай зялёнай масы (важна, каб яна была зрэзана, а не «сплюшчана»), але і далейшы рост травы. «Ды нават элементарнае: калі нявострыя нажы ў касілцы, то ўзрастае расход паліва, а гэта вашы грошы», — нагадаў дырэктар «БНБК-АГРА Глуск» Міхаіл Крукоўскі.
Дэталёвая размова прадоўжылася і каля астатняй тэхнікі, галоўныя інжынеры, аграномы, кіраўнікі слухалі ўважліва, задавалі пытанні, давалі свае каментарыі.
Дарэчы, пры машынна-трактарнай станцыі сфар-міраваны зводныя механізаваныя атрады, якія задзейнічаны на палях гаспадарак раёна. У іх распараджэнні — дзве касілкі КМР-9, два кормаўборачныя комплексы КВК, 20 прычэпаў для перавозкі па 20 тон кожны, 10 прэс-падборшчыкаў, 3 грабель, расказаў рэдакцыі Сяргей Кукшцель, у глускім філіяле БНБК ён адказвае за інжынерную службу. Зразумела, у кожнай сельгасарганізацыі таксама ёсць свая тэхніка для нарыхтоўкі зялёных кармоў, дадаў галоўны дзяржаўны інспектар раённага ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Данііл Данільчык, у агульным гэта 11 кормаўборачных комплексаў, 19 касілак розных мадыфікацый, 20 прэс-падборшчыкаў, 10 грабель і 7 прычэпаў.
Наступным пунктам семінара павінна была стаць траншэя ў Турыно, непадалёк ад фермы. Так і было, але па дарозе спыніліся яшчэ і на кукурузным полі, дзе Міхаіл Крукоўскі звярнуў увагу спецыялістаў на некаторыя тэхналагічныя моманты. Між іншым Міхаіл Крукоўскі паведаміў, што ўжо ёсць дамова аб суправаджэнні галіны раслінаводства ў Глускім раёне з боку навукоўцаў.
Як разлічваць кансервант пры закладцы кармоў у сіласныя траншэі, пры якіх умовах яго транспартаваць, як увогуле павінна быць «аформлена» траншэя (напрыклад, пад’язныя пуці абавязкова ўсцілаюцца саломай), з якой перыядычнасцю правяраецца вільготнасць і якія лічбы яна не павінна перавышаць — аб гэтых і іншых момантах аграномам і ўсім астатнім нагадалі загадчык дыягнастычнай лабараторыі раённай ветстанцыі Святлана Петухова і кіраўнік ветстанцыі Канстанцін Голуб.

Згадалі на семінары і пра пажарную бяспеку. Правілы і патрабаванні ў гэтай сферы нагадаў прысутным старшы інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Глускага РАНС Раман Цапік.
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ
Фота Г. АЎТУХОВАЙ