
Пачатак святкаванню 3 ліпеня паклаў урачысты мітынг. Глушчан і гасцей раённага цэнтра з Днём Незалежнасці віншуе першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Глускага райвыканкама Юрый Дымша: «Гэта святое для нас свята сімвалізуе перш за ўсё народнае адзінства, якое дапамагло беларусам вытрымаць самы моцны ўдар лёсу, выжыць як нацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і перамагчы. Адзіныя мы і сёння — у імкненні абараніць гераічную спадчыну, памяць пра Вялікую Перамогу, сваё суверэннае права на выбар гістарычнага шляху. І няма ніякай іншай даты ў нашай гісторыі, якая б прымушала так глыбока задумацца аб каштоўнасці міру, незалежнасці і свабоды».
Хатынь, Паршчаха, Масты, Трасцянец, Азарычы... Назвы гэтых вёсак і канцлагераў, дзе забівалі беларусаў, і сёння нагадваюць нам пра жахі вайны, пра выпрабаванні, што вынес наш народ.

«Вялікая Айчынная вайна магла паставіць кропку ў нашай гісторыі, спыніць існаванне беларускага народа. У сур’ёзных выпрабаваннях праявіліся непахісны беларускі характар, духоўная сіла, сплаў мужнасці, смеласці і імкнення да справядлівасці, — адзначыў Юрый Дымша. — Мы вынеслі сур’ёзны ўрок і сёння дакладна ведаем, што за мір трэба змагацца і ў мірны час. Мы выказваем глыбокую падзяку франтавікам, партызанам і падпольшчыкам, працаўнікам тылу. Усім, каму давялося прайсці праз вайну, праз цяжкую працу, перажыць неймаверныя пакуты дзеля будучыні роднай зямлі. Вечная слава героям, загінуўшым у баях за Радзіму, аддаўшым свае жыцці за свабоду і шчасце будучых пакаленняў!»
Памяць герояў і ахвяр вайны глушчане ўшанавалі хвілінай маўчання.
Будучае Беларусі залежыць ад сённяшняга дня, ад нашых сённяшніх агульных спраў і дасягненняў. А яны ў нас ёсць. Летась у Глуску пабудаваны пяць двухкватэрных дамоў па вуліцы Школьнай, капітальна адрамантаваны шматкватэрны дом па вуліцы Кірава, адроджаны фестываль сямейнай творчасці «Сузор’е талентаў», сяголета дзве арганізацыі раёна, Глускі РЦСАН і Глуская ЦРБ, занесены на дошку гонару Магілёўскай вобласці, нашы юныя футбалісты сталі чэмпіёнамі абласнога этапу рэспубліканскіх спаборніцтваў «Скураны мяч», літаральна днямі ў Глуску адкрыты дзве новыя гульнёвыя дзіцячыя пляцоўкі.
«Мы разам будуем будучае і ведаем, што яно ёсць, пакуль мы беражом памяць пра мінулае. І гэтую памяць увасабляе ў сабе наша дзяржаўнае свята — Дзень Незалежнасці», — сказаў Юрый Дымша і яшчэ раз павіншаваў глушчан са святам, пажадаў міру, шчасця, любові і дабрабыту ў кожным доме.
Мітынг да Дня Незалежнасці традыцыйна праходзіў на Алеі Славы, тут устаноўлены бюст двойчы Героя Савецкага Саюза Сцяпана Шутава, памятныя знакі ў гонар Герояў Савецкага Саюза Сцяпана Калінкоўскага і Ульяна Рыбака, Герояў Сацыялістычнай Працы Аляксандры Шаплыкі, Васіля Барысіка і Надзеі Рудніцкай. Яны, нашы землякі, здабывалі і гартавалі мір і славу роднай зямлі. Ушаноўваючы іх памяць і як падзяку за іх подзвіг і працу прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў усклалі на Алеі Славы кветкі.



Пасля мітынгу свята разышлося вакол парку, гучала на ўсе галасы, звінела, смяялася, спявала. Каля Дома рамёстваў быў наладжаны канцэрт, на бульвары Грахоўскага — пленэр «Арт-крохі», там жа размясціліся шматлікія выставы ад арганізацый, устаноў і асобных умельцаў, было на што падзівіцца, што купіць ці хаця б нагледзець, напытаць, можна было пагуляць у бяспройгрышную латарэю ці адказаць на пытанні віктарыны, пагуляць у інтэлектуальныя ці звычайныя дзіцячыя гульні. Шмат хто спыняўся каля стэндаў з чорна-белымі фотакарткамі (архіў рэдакцыі), гартаў старыя падшыўкі раённай газеты, хто стаміўся — ішоў да палатак з прысмакамі, а потым за столікі раённага спажывецкага таварыства. Праехаўшы па вуліцах Глуска, каля стадыёна прыпаркавалі ў рад сваіх жалезных коней мясцовыя байкеры і іх сябры з суседняга раёна (дарэчы, коні жывыя таксама былі, былі і ахвотныя на іх пакатацца), хтосьці спрабаваў сваю трапнасць у гарадках, а хто скарыстаўся магчымасцю пасядзець у пажарнай машыне, машыне ДАІ, пагладзіць службовага сабаку Дэпартамента аховы, бацькам давялося раскашэліцца на атракцыёны, іх было шмат для малых. Моладзь паўдзельнічала ў лёгкаатлетычным прабегу, удзельнікі атрымалі спецыяльныя вымпелы, юныя спартсмены наладзілі паказальныя выступленні і заслужылі апладысменты, а каманды першай і другой школ згулялі ў футбол (гульня завяршылася з лікам 2:2).


Паўсюль, на ўсіх святочных пляцоўках, былі людзі, адны адыходзілі, падыходзілі іншыя, спыняліся, глядзелі, пра штосьці пыталіся, размаўлялі, дамаўляліся сустрэцца ўвечары, каб разам патанчыць, а потым праспяваць гімн.


«Спяём гімн разам!» — гэта рэспубліканская акцыя, якая традыцыйна праходзіць у нашай краіне ў Дзень Незалежнасці. Глушчане, як і заўсёды, таксама прынялі ў ёй удзел і былі сапраўды разам — адзін з адным і з усёй краінай. Падарункам ім і прыгожай кропкай святочнага дня стаў святочны салют.
Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота Г. АЎТУХОВАЙ