
Юлія Малуха, Анастасія Парфёнава
Гэтыя дзве мілыя дзяўчыны — маладыя спецыялісты, якія па размеркаванні прыехалі працаваць у Глускі раён. Удакладняю, спецыялісты-медыкі. Анастасія Парфёнава скончыла Віцебскі дзяржаўны медуніверсітэт, атрымала спецыяльнасць правізара, прайшла інтэрнатуру ў Бабруйску і ў студзені гэтага года прыехала працаваць у Глускую цэнтральную раённую аптэку, ці аптэку № 99. У жніўні калектыў аптэкі папоўніла Юлія Малуха, яна вучылася ў Магілёўскім дзяржаўным медыцынскім каледжы па спецыяльнасці «фармацэўт».
«Паколькі нашы новыя работніцы не мясцовыя, Юлія са Жлобіна, а Анастасія з Магілёва, — расказвае загадчыца аптэкі Марына Дайнека, — мы паклапаціліся пра найм жылля і часткова (у памеры 5 базавых велічынь) яго аплачваем, згодна з калектыўным дагаворам. У нас была патрэба ў новых спецыялістах, паколькі сярод працуючых цяпер трох правізараў-рэцэптараў і пяці фармацэўтаў у нас два чалавекі пенсійнага ўзросту, да таго ж працуем па зменах і ў вячэрні час, патрэбна, каб была магчымасць падмены. Сваімі новымі каляжанкамі мы задаволены, у абедзвюх — трывалая тэарэтычная база, адчуваецца добрая падрыхтоўка, бачна, што ў прафесію прыйшлі асэнсавана. Ну а практыка — справа нажыўная. Да таго ж за маладымі спецыялістамі мы адразу замацавалі вопытных настаўнікаў, ды і ўвогуле кожны з нас пры патрэбе дапаможа ім і падкажа. Я пераканана, што ў дзяўчат усё атрымаецца. Галоўнае — каб яны замацаваліся, прыжыліся і засталіся ў нас пасля адпрацоўкі».
Самі новыя работніцы аптэкі, Анастасія і Юлія, таксама адзываюцца станоўча. І пра калектыў: кажуць, прынялі іх тут добра, адносяцца добразычліва, з разуменнем. І пра ўмовы работы, пра пакупнікоў, паціху прызвычайваюцца, што тыя называюць не прэпарат, а сімптомы і просяць даць ад іх лекаў. І пра наш Глуск: прызнаюцца, што чакалі горшага, а ўбачылі лепшае, гарадок невялікі, але ўтульны і з усім неабходным.
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ
Фота аўтара