
Напярэдадні Дня настаўніка, 29 верасня, у Магілёве адбылося ўшанаванне лепшых педагогаў вобласці. З прафесійным святам настаўнікаў павіншавалі начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Андрэй Заблоцкі, а таксама старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык, яна зачытала віншавальны адрас ад старшыні аблвыканкама Анатоля Ісачанкі.
Узнагароды за сваю высакародную працу падчас урачыстасці атрымалі больш за 70 педагогаў. Сярод іх, што вельмі прыемна, былі і глушчане.
Граматай Міністэрства адукацыі адзначаны кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні гімназіі Глуска Міхаіл Гурын. Чалавек актыўны, нераўнадушны, Міхаіл Аляксандравіч больш за тры дзясяткі год выхоўвае вучняў сваім асабістым прыкладам: ён разам з падлеткамі і ў школьным класе, і на стадыёне, і ў паходзе.
Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама за старанную працу, прафесіяналізм і поспехі ў навучанні школьнікаў узнагароджана настаўнік матэматыкі Глускай санаторнай школы-інтэрната для дзяцей з саматычнай паталогіяй Юлія Іванова.

Фота з сайта mogilevnews.by