
Патрабаванні да стану медыцынскіх устаноў заўсёды былі высокія, чысціня і акуратнасць — абавязковая ўмова іх утрымання. І ўсё ж цяпер будынак Дакольскага фельчарска-акушэрскага пункта, можна сказаць, перажывае сваю другую маладосць. У 2015 годзе тут быў зроблены капітальны рамонт: памянялі вокны, падлогу, абнавілі сцены, зрабілі новае асвятленне, з’явіліся выгоды ўнутры памяшкання, гарачая вада, цеплыню забяспечвае свая кацельная. Цяпер у памяшканні не толькі чыста, але і па-сучаснаму прыгожа, зручна, утульна. Для работы ёсць усё неабходнае, адзначае загадчыца ФАПа Наталля Долбік.

Сельская медустанова папоўнілася новым абсталяваннем: летась на ФАПе з’явіўся глюкометр, у гэтым годзе, літаральна восенню, прывезлі электракардыёграф і танометр унутрывочнага ціску, так што цяпер якасць і даступнасць медпаслуг для сельскіх жыхароў значна павысіліся. Палепшыліся і ўмовы для работы сельскіх медыкаў, адзначае Наталля Долбік. А ёй ёсць з чым параўноўваць: на Дакольскім ФАПе яна працуе з 1986 года.

Сяголета рамонт ФАПа прадоўжыўся. Будынак абнавіўся звонку: уцяплілі, патынкавалі і пафарбавалі сцены, зрабілі вентыляцыйную і водасцёкавую сістэмы, на ганку і на пандусе паклалі плітку, цяпер рамантуюць дах.

Усяго ў гэтым годзе на выкананне работ па бягучым рамонце сельскіх устаноў аховы здароўя затрачана больш за 42 тысячы дзвесце рублёў, расказалі рэдакцыі ў раённай бальніцы, гэта бюджэтныя асігнаванні, пазабюджэтныя сродкі і дапамога спонсараў. З названай сумы каля 22 тысяч рублёў пайшло на бягучыя рамонты ФАПаў, астатняе — на ўрачэбныя амбулаторыі. Са сродкаў, заробленых на раённым суботніку, 14 тысяч выдзелена на бягучы рамонт даху ФАПа ў Даколі. Таксама набыта абсталяванне на 54 тысячы 600 рублёў, у тым ліку за сродкі суботніка (19 тысяч 180 рублёў) закупілі восем апаратаў ЭКГ.
Т. ЛУГАВАЯ
Фота аўтара