rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Вторник, 30 июля 2024 10:05

Турыстычны злёт прайшоў у Глуску

Турыстычны злёт у Глуску — гэта не проста традыцыйнае масавае мерапрыемства, гэта наш своеасаблівы брэнд, які нас вылучае, згуртоўвае, аб’ядноўвае, стварае настрой, робіць наша лета летам. На добры настрой, на яднанне, на сяброўства, знаёмствы і цёплыя зносіны, на пашырэнне стасункаў настройваў моладзь падчас адкрыцця злёту старшыня райвыканкама Аляксей Жураўлёў. Пра тое, што мы патрэбны там, дзе нарадзіліся, дзе нас ведаюць і цэняць, дапамагаюць і падтрымліваюць, гаварыў ён і на сустрэчы з моладдзю. Глуск і сапраўды добрае месца для жыцця і працы: жыллё тут будуецца (і летась, і сяголета, і ў наступным годзе), праца тут ёсць (250 вакансій), і прыгожая прырода навокал, галоўнае — каб вы былі шчаслівыя, сказаў кіраўнік раёна, звяртаючыся да юнакоў і дзяўчат, і пажадаў поспеху ў спаборніцтвах.

А поспех ім і сапраўды быў вельмі патрэбен, бо спаборнічалі бывалыя турысты, каманды з немалым вопытам, выдатнай падрыхтоўкай і самым сур’ёзным намерам перамагчы. Вось яны, сяголетнія каманды-ўдзельнікі: «Глускія буслы» (аддзел адукацыі), «Камон» (УКП «Жылкамгас»), «Патрыёты» (Глускае РАПТЗ), «Арыён» (установы культуры), «Максімум» (Глускае райпо), «СуперМед» (ЦРБ, РАУС і Дэпартамент аховы).



У якасці размінкі, каб паказаць, хто на што здольны, каманды прайшлі конкурс прывітання, або візітоўкі. І ўжо тут стала зразумела, што «Камон» настроены самым рашучым чынам, камунальнікі не паленаваліся і з Глуска сваім ходам прыгналі рарытэтны «шасік» (хто не ведае — маленькі трактар, не мотаблок, як зараз, а менавіта трактарчык, такі, як і вялікі, толькі маленькі). Яго з’яўленне на паляне выклікала самае вялікае ажыўленне сярод журы і нават сапернікаў.
На турыстычнай паласе патрэбна было пераадолець шэсць этапаў-перашкод, часам і няпростых, але нашы турысты справіліся з імі даволі хутка. Тут трэба пахваліць і тых, хто рыхтаваў гэтыя этапы: усё было прадумана і зроблена добра, як, дарэчы, і этапы паласы перашкод ад МНС на другі дзень.

Чакаема доўгімі былі спаборніцтвы па валейболе, агульным рашэннем яны праходзілі па алімпійскай сістэме. Былі тут і хуткія гульні, з аднолькава слабымі сапернікамі, былі і прыгожыя партыі, якія трымалі ў напружанні і да апошняга было невядома, хто пераможа. Такой, да прыкладу, была гульня паміж «СуперМед» і «Максімум». Тут не магу не выказаць агульнага шкадавання, што сяголета не было дзвюх вопытнейшых і моцных (асабліва ў валейболе) каманд — аграфірмы «Слаўгарадскі» і Глускага лясгаса, вось хто звычайна трымаў у напружанні сапернікаў, не даваў ім расслабіцца.

Конкурс турыстычнага быту словамі не апішаш, тут трэба было бачыць і чуць, як каманды віталі гасцей, на якія прыдумкі ішлі, каб іх здзівіць і задобрыць, не забыліся і на галоўную тэму злёту: «Глуск — мая малая радзіма» з нагоды стагоддзя стварэння раёна.

«Глускім буслам» дапамагалі самыя маленькія ўдзельнікі групы падтрымкі (таксама і ў мастацкім конкурсе), дзеці, і гэта было вельмі хораша. «Камон» добра-такі замарочыўся з атрыбутыкай, сабраўшы прадметы быту ад сівой даўніны да сучасных гаджэтаў (не пашкадавалі і прывезлі нават вялікую «плазму»). «СуперМед» пачалі сустрэчу з абследавання ў добрага доктара (хто пра што, а медыкі пра дыспансерызацыю), які тут жа назначаў і выдаваў добрыя лекі. «Арыён» наладзіў для журы дыскатэку ў стылі і па модзе 1990-х з бессмяротнымі «Белымі розамі». У турыстычным лагеры «Патрыётаў» таксама гучала добрая песня — спецыяльна напісаная і запісаная — пра сваю каманду і нашу любую Глушчыну. Гасцінна сустракала гасцей каманда «Максімум» — шчодрым сталом, прыгожа накрытым у народным стылі, і дружнай песняй-хітом пра хату бацькоў. Думаю, нялёгка прыйшлося членам журы вызначыць лепшых, бо ўсе каманды і сапраўды вельмі пастараліся.

А вось у наступным конкурсе цяжка ўжо было самім камандам, бо трыдыцыйнае перацягванне каната — самы кароткі, але і самы жаркі па напружанні конкурс, як для ўдзельнікаў, так і для іх балельшчыкаў, бо кожны, хто не цягне канат, стараецца падказаць тым, хто цягне канат, хоць гэта апошнім, мабыць, і не надта дапамагае.
Конкурс паходнай стравы стаў яшчэ адным яскравым і вясёлым момантам злёту, пра стравы не магу сказаць нічога, акрамя таго, што выглядалі прыгожа, а пахлі вельмі смачна і ўжо маглі б спаборнічаць адной толькі падачай. Тут былі і глуская бульбачка з глускім жа мясцом на асобных стыльных патэльнях, і «прама тут жа» забітыя і засмажаныя вальдшнэпы, і апетытная курачка, забітая па рэцэпце дзядулі, а прыгатаваная па рэцэпце бабулі, і юшка са свежага шчупака, яшчэ ўранні ў рэчцы плаваў, а яшчэ была страва — па форме ну чыста глускі замак, была і глуская мачанка з блінамі. Хто там быў, казалі, што яе першую і з’елі і блінамі ўсю чысцютка вымакалі, яна і перамагла ў барацьбе з вальдшнэпамі.

Апошнім конкурсам першага дня турзлёту быў творчы конкурс, ён, як і належыць, адрозніваўся творчым падыходам і выдатнымі творчымі здольнасцямі турыстаў, не буду апісваць ні песні, ні вершы (плакала мая душа настаўніцы беларускай мовы, як жа цяжка яна, родная, цяпер даецца некаторым), ні сцэнкі, бо гэта і сапраўды трэба бачыць. На мой погляд, задумкі былі добрыя ва ўсіх, а ўвасабленне — у каго як атрымалася, у каго як часу хапіла.

Другі дзень турыстычнага злёту пачаўся, можна сказаць, імкліва — паласой перашкод ад ратавальнікаў: злучыць рукавы, падняцца з імі па прыступках, трапна кінуць ратавальны лінь, перацягнуць цяжкі груз, пакласці на насілкі і перанесці «пацярпелага» ў небяспечнае месца. Трэба сказаць, што і на другі дзень спаборніцтваў глускія турысты былі і хуткімі, і спрытнымі, і трапнымі, паласу перашкод прайшлі з добрымі вынікамі, таму з добрым настроем пагулялі ў корнхол, а потым выйшлі на агульнае пастраенне для падвядзення вынікаў.

А вынікі наступныя. У конкурсе візітовак перамагла каманда «Камон»; у валейболе — «СуперМед»; у перацягванні каната — «Патрыёты»; у конкурсе турыстычнага быту лепшым быў «Камон»; першай на турыстычнай паласе і паласе перашкод ад ратаўнікоў стала аб’яднаная каманда «СуперМед», яна ж перамагла і ў конкурсе паходных страў; за мастацкую самадзейнасць першае месца аддадзена «Камон».

Па агульных выніках трэцяе месца ў раённым турыстычным злёце прысуджана камандзе «Патрыёты» (Глускае РАПТЗ), на другім — «Камон» (УКП «Жылкамгас»), а пераможцам сяголетняга злёту стала аб’яднаная каманда ЦРБ, РАУС і Дэпартамента аховы «СуперМед», ёй жа дастаўся пераходны кубак і шмат карысных для турыстаў падарункаў. Зрэшты, падарункі атрымалі ўсе каманды — удзельнікі злёту. Ён праляцеў хутка, прынёс перамогі і расчараванні, радасць і слёзы, гонар і крыўду, а яшчэ (я сама чула) — планы і ідэі, як у наступным годзе ўсё зрабіць яшчэ лепш.


Т. ЛУКАШЭВІЧ




При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома

Фотогалерея


© 2007-2025
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт