
Цяжкі эканамічны крызіс
З 1994-га мінула ўсяго толькі 30 гадоў, і большасць глушчан добра памятаюць той час. Думаю, запомніўся ён менавіта таму, што гэта быў вельмі цяжкі і складаны перыяд у нашай гісторыі — мы жылі ў час, напэўна, самага буйнога эканамічнага крызісу.
Па першых жа радках артыкулаў у раённай газеце «Радзіма» гэта становіцца відавочным. У першым нумары надрукавана нататка з загалоўкам «У прымусовым адпачынку». Чытаем: «З-за адсутнасці паліва для большай часткі рабочых МУААСа пачаліся калядныя канікулы, якія працягнуцца два і больш тыдняў... Такая ж сітуацыя назіраецца ў ПМК-86... Вось ужо некалькі дзён як спыніліся работы на будаўнічых аб’ектах, якія вядуць члены будаўнічых брыгад МПМК-249. Галоўная прычына — у неплацёжаздольнасці заказчыкаў, якія да гэтага часу не змаглі пералічыць грошы за выкананыя аб’ёмы работ... У сувязі з гэтым МПМК-249 не можа разлічыцца са сваімі субпадрадчыкамі, заводамі-пастаўшчыкамі. Калі грошы не паступяць... рабочым будзе падоўжаны адпачынак».
Але ж гэта, як кажуць, толькі пачатак. Чытаем раёнку далей і даведваемся, што на 12 студзеня 1994 года была запланавана агульнарэспубліканская забастоўка педагогаў, якую абвясціў настаўніцкі прафсаюз. Патрабавалі скарэкціраваць заработную плату за 1993 год. Урад пайшоў насустрач патрабаванням, і забастоўку адмянілі.
А вось журналісты Бабруйскай раённай газеты «Трыбуна працы» ў той жа час «на адным з апошніх сходаў рэдакцыі палічылі, што прафсаюзы ў сваіх сённяшніх формах не адпавядаюць рэаліям дня і... распусцілі сваю прафсаюзную арганізацыю».
Цяжка было і з самымі неабходнымі прадуктамі, напрыклад, з цукрам. У раённую газету чытачы пісалі ўзрушаныя лісты, пытаючыся, чаму ў лістападзе яны атрымалі толькі па 0,5 кілаграма цукру на чалавека. Намеснік старшыні праўлення райспажыўсаюза не абнадзейваў пакупнікоў «салодкім жыццём»: «...на ўвесь Глускі раён было выдзелена толькі 11 тон цукру ў разліку па паўкіло на чалавека, і такая ж колькасць цукру выдзелена і на снежань».
Ад чытання наступнай нататкі — «Абдзеленыя дзеці» — слёзы выступілі на вачах. У ёй жыхарка Глуска, якая пабывала на прадстаўленні цырка ў кінатэатры «Арыён», расказала такую гісторыю: «...Людзі пачалі гаварыць, што павінны прыйсці дзеці з Веснаўскага дома-інтэрната. Іх прывялі перад самым пачаткам прадстаўлення. Першае, што кінулася ў вочы, — іх знешні выгляд. У ватоўках, з кірзавымі ботамі на нагах, яны былі падобны на людзей, занятых бруднай работай. Чамусьці неяк стала не па сабе... Гледачы сталі разыходзіцца, а разам з імі і дзеці з дома-інтэрната. Я праводзіла кожнага з іх позіркам, а ў галаве круціліся думкі: чаму абдзеленыя лёсам дзеці абдзелены і ў астатнім?» Сястра-гаспадыня дома-інтэрната растлумачыла сітуацыю: «Сапраўды, на сёння не ўсе нашы дзеці маюць на выхад неабходнае адзенне. Асабліва не хапае верхняга... Ужо пайшлі ў ход апошнія запасы, што меліся. Многім дзецям проста не падышлі размеры куртак і чаравікаў, таму і апранулі іх у ватоўкі і боты...» Інтэрнат знаходзіўся на поўным дзяржаўным утрыманні, і ў ім склалася бядотнае становішча з забеспячэннем дзяцей вопраткай і абуткам. А гэта вынік таго самага цяжкага эканамічнага становішча, у якім была ў той час уся краіна.
Дарэчы, па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, намінальная налічаная сярэдняя заработная плата ў студзені 1994 года была крыху больш за 188 тысяч рублёў. А курс долара ў той час быў такі: 1 долар = 27 000 рублёў. Падлічыць, колькі долараў зарабляў у сярэднім беларус, нескладана: атрымліваецца прыкладна 6,9 долара. А цяпер вытрымка з наступнай нататкі ў раёнцы: «З-за вымушанага адпачынку рабочыя масавага цэху [камбіната бытавога абслугоўвання] атрымаюць мінімальную зарплату ў размеры 30 000 рублёў». Колькі гэта ў доларах? Правільна — 1,1 (!) долара. Да прыкладу, жаночыя боты ў той час каштавалі 47 000 рублёў, а кілаграм сметанковага масла — 10 000 рублёў. Вось так і жылі.
Зімою, у халады, у кватэрах глушчан, у райбальніцы і іншых аб’ектах, падключаных да цэнтральнага ацяплення, раптам прапала тое самае ацяпленне, і тэмпература ў памяшканнях рэзка панізілася. Начальнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі А. І. Баглай на запыт журналістаў раёнкі адказваў: «З-за адсутнасці сродкаў у бюджэце няма за што купіць у дастатковай колькасці паліва... Робім усё магчымае і немагчымае, каб дастаць паліва. Адпраўляем машыны на нафтаперапрацоўчыя заводы з надзеяй, што вернуцца яны не пустыя. Адшукваем любыя рэзервы. Цвёрдых абяцанняў даваць не буду... не ведаю, што чакае нас заўтра».
Жыхары шматкватэрнага дома па вуліцы Пушкінскай у сітуацыі, калі ў кватэры не было цяпла, нават пачалі задумвацца аб тым, каб не плаціць за «такую» паслугу грошы. Аўтар нататкі, С. Анташкевіч, на сабе выпрабаваў праблему, бо жыў у тым доме. Вось што ён пісаў: «З кватэры ў кватэру перадавалася прапанова не плаціць вытворчаму аб’яднанню жыллёва-камунальнай гаспадаркі за ацяпленне... У маёй кватэры тэмпература вагалася ад 9 да 12 градусаў цяпла... Вось і зараз пішу гэтыя радкі, а рука закачанела так, што ручку не хоча трымаць, па спіне бегае халадок».
Аб тым, што любое паліва было ў дэфіцыце, сведчыць і вось гэта аб’ява ў раёнцы: «На аўтазаправачную станцыю райспажыўсаюза каля вёскі Калацічы паступіў бензін для інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны і працы, якія маюць у асабістым карыстанні аўтатранспарт, па цане 1800 рублёў за літр. Выбраць бензін трэба на працягу бліжэйшых 10 дзён».
Татальны недахоп паліва адчуваўся ва ўсіх сферах жыцця. «У АТП-15 з-за недахопу паліва кожны дзень на лінію выходзяць толькі 4 аўтобусы, якія курсіруюць у напрамку Бабруйска і Асіповіч». «З-за адсутнасці паліва вось ужо цэлы месяц прастойвае цэх плодаперапрацоўкі плодаагародніннага завода...»
Што гаварыць пра аўтобусы, калі нават для машын хуткай дапамогі і то не было бензіну. «Кожны званок хворых раніцаю 23 лістапада на станцыю «хуткай дапамогі» суправаджаўся адным і тым жа адказам: «Прыехаць не можам, няма бензіну...» — пісала раёнка.
А напярэдадні жаночага свята 8 Сакавіка ў Глуску здарыўся хлебны крызіс, ды такі, што «разбушаваную чаргу ў дзяжурным магазіне прыйшлося ўтаймоўваць нараду міліцыі». Вось што пісала раённая газета:
«У перадсвяточныя дні хлебныя прылаўкі магазінаў гарпасёлка літаральна бралі штурмам. Адны пакупнікі гаварылі, што чакаецца чарговае падаражанне хлеба, другія — што камбінат стаў на рамонт. Блізкімі да ісціны былі апошнія... Здарылася невялікая паломка. За тры гадзіны лінію адрамантавалі».
Напярэдадні 1 верасня прыйшлося панервавацца бацькам школьнікаў. Газета «Радзіма» папярэджвала сваіх чытачоў: «У раёне складваецца напружаная абстаноўка з забеспячэннем школьнымі сшыткамі. Таго, што паступіла ў продаж, пакуль недастаткова. Работнікі магазіна культтавараў, што ў Глуску, маюць намер рэалізоўваць сшыткі па спісах школ у абмежаванай колькасці — па 10 сшыткаў на вучня. Але ж у суседніх раёнах чамусьці аб школьніках дбаюць больш: там сшыткі можна набыць без усялякіх абмежаванняў».
На восьмай старонцы раённай газеты, дзе, як правіла, друкавалася праграма і розныя забаўляльныя нататкі, у адным з нумароў быў змешчаны фотаздымак: дзве дзяўчынкі ядуць на вуліцы бананы. Да здымка подпіс: «Экзатычны фрукт: смачна!» У 1994-м банан быў яшчэ такой экзотыкай, што заслугоўвала ўвагі фотакарэспандэнта газеты, а вось для нас зараз ён амаль родны, як наш яблык.

Крымінальная хроніка
А яшчэ 1990-я ўспрымаюцца як час, калі ў Беларусі было шмат злачынстваў. Глускі раён не выключэнне. Тут таксама цягнулі ўсё, што дрэнна (а часам і добра) ляжала. Глушчане ўспамінаюць, што нават парсюка злодзеі ноччу маглі вывесці паціху з хлява, пагрузіць на машыну і звезці.
Раённая газета «Радзіма» ў рубрыцы «Крымінальная хроніка» пісала: «Неўстаноўлены злачынца, сарваўшы замкі, залез у ларок МГА „Колас“ і ўкраў 17 бутэлек каньяку „Азербайджанскі“, 70 бляшанак кафейнага напітку „Інка“, жаночыя боты, дзіцячыя боты, шакалад... З інтэрвалам у адзін дзень абакралі магазін паўсядзённага попыту ў Ольніцы і прамтаварны магазін у вёсцы Макавічы... У ноч на 31 студзеня група злачынцаў, перапіліўшы замок, залезла ў склад магазіна в. Веснава. Вынеслі 20 бутэлек каньяку, 60 бутэлек „Сталічнай“ і 10 „Зуброўкі“, 430 пачак імпартных цыгарэт».
Трэба адзначыць, што апошні крадзеж міліцыя хутка раскрыла. А вось глускім супрацоўнікам ДАІ, каб затрымаць злачынца, аднойчы нават прыйшлося прымяняць зброю: «У пяцістах метрах ад вёскі Заеліца прымянілі табельную зброю (ПМ) для спынення трактара МТЗ-80 з прычэпам. Трактар рухаўся па дарозе з гранічнай скорасцю, без святла фар. Вадзіцель не падпарадкоўваўся законным патрабаванням спыніцца. Былі зроблены два папераджальныя выстралы ўверх і тры прыцэльныя — па задніх колах. Трактар спыніўся, і трактарыста затрымалі... быў за рулём у нецвярозым стане... вёз дадому ў вёску Заеліцу тону саломы».
Кралі не толькі з магазінаў ды прадпрыемстваў, а і з дамоў глушчан: «Амаль апоўдні залезлі злодзеі ў жылы дом грамадзяніна Л. Якраз у гэты час гаспадыня прыйшла дадому. Як кажуць, застала злодзеяў знянацку. Тыя з перапалоху выскачылі ў акно. Дзякуючы міліцыі і грамадскасці праз 50 хвілін яны былі затрыманы... Акрамя таго, яны аказаліся прыналежнымі яшчэ да 7 крадзяжоў на тэрыторыі раёна».
Працяг будзе