Звонку ферма як ферма, такіх МТФ у нас па раёне паўтара дзясятка набярэцца, яшчэ ў навейшых ды прыгажэйшых будынках. А вось па выніках працы, па якасці малака гэта ферма ў яўных лідарах, прычым не толькі ў сваёй гаспадарцы «Турыно-агра», а і па раёне. На малочнатаварнай ферме «Турыно» ўтрымліваецца 367 галоў дойнага статка (усё пагалоўе буйной рагатай жывёлы тут 498 галоў, плюс 200 цялят). Сярэдні ўдой ад каровы складае 10,7 кілаграма малака, адпаведна вытворчасць малака ў дзень прыкладна 4 тоны, але галоўнае, што ўсё малако з гэтай фермы, 100 працэнтаў, рэалізуецца гатункам экстра. Гэта не проста добры, гэта лепшы вынік па раёне. (У цэлым жа па гаспадарцы за 6 месяцаў гэтага года малака гатункам экстра здадзена 97,5 працэнта, астатняе — вышэйшым.)
А што такое гатунак экстра? Гэта значная эканамічная выгада, бо за тону такога малака гаспадарка атрымлівае 1193,5 рубля, за вышэйшы гатунак плацяць 1100 рублёў, у дзень выходзіць 93 з паловай рублі розніцы, а за месяц — 2,8 тысячы, і гэта толькі на адной тоне. Напрыклад, у чэрвені з МТФ «Турыно» было рэалізавана 135 з паловай тон малака экстра, прыбаўка за гэты гатунак у параўнанні з вышэйшым склала 12,7 тысячы рублёў, а за паўгоддзе — 76,8 тысячы рублёў (за 6 месяцаў рэалізавана 821,8 тоны). Што ні кажы, а сума значная, плюс адчувальны.
Як жа дабіваюцца ў Турыно такога выніку, пытаюся ў загадчыцы тамтэйшай фермы Дзіяны Бяспалавай, працуе яна тут два гады, а фермай загадвае 8 месяцаў. Усё залежыць ад даярак, кажа яна, ад іх сумлення і старання. Тут жа калектыў падабраўся добры, сумленны і, можна сказаць, стабільны, самая маладая работніца працуе другі год, гэта Наталля Гвардзіян, іншыя маюць большы вопыт у жывёлагадоўлі, гэта Алена Татур, Святлана Цініка, Таццяна Елістратава, Таццяна Мароз, Юлія і Валянціна Долбня, Зоя Папкоўская, усе яны і дояць, і даглядаюць жывёлу, на цялятах — Галіна Бабак. За станам малакаправода сочыць слесар Аляксандр Бяспалаў.
У кожнай даяркі свая група кароў, прыкладна па 50 галоў, расказвае загадчыца МТФ, зараз жывёла на прыгонна-адгонным утрыманні: днём на пашы ходзіць (там жа вада, соль, мел), а начаваць яе ў хлявы прыганяюць, кароў кормяць (даюць зялёную масу, канцэнтраты, ваду), дояць (другая дойка з 6 да 8 вечара, першая з 5 да 8 раніцы) і зноў на дзень на пашу гоняць. Даяркі да такога графіка работы прывыклі ўжо, абавязкі свае, што і калі рабіць, ведаюць і выконваюць. За гэтым сочыць і лабарант Людміла Ліневіч, яна самы вопытны работнік калектыву, на гэтай пасадзе працуе ў гаспадарцы 39 гадоў, зараз пад яе наглядам дзве фермы, у Турыно і ў Даколі, а калісьці былі яшчэ ў Старыне і Карніцы, згадвае яна. Адна з яе задач — кантроль за якасцю малака. Калі хто што не так зрабіў (не памыў, не апрацаваў, не здаіў), лабарант па аналізах адразу ўбачыць. Але без дапамогі даярак ніяк нельга, менавіта яны падказваюць, калі з каровай што не так, лабарант правярае яе на саматыку, калі патрэбна, доктар назначае лячэнне, пасля таго, як яно праведзена, робяцца аналізы малака, калі яно чыстае, карову можна пускаць у групу і даіць разам з іншымі, тлумачыць заведзены парадак Людміла Рыгораўна. Вось чаму работа над якасцю малака — агульная справа, кажа яна. Так, у добрых выніках зацікаўлены ўсе, пагаджаецца загадчыца фермы Дзіяна Бяспалава, бо ад гэтага залежыць зарплата, у Турыно даяркі атрымліваюць у сярэднім па тысячы семсот рублёў, бывае, што і больш выходзіць, за гэта варта старацца — і для сябе, і для гаспадаркі.
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ
Фота І. ГРАМЫКІ