Уборка азімага ячменю і аўса ў раёне завершана, застаецца ўбраць каля 170 гектараў яравога ячменю, з 800 гектараў яго сабралі 918 тон. Падыходзіць да завяршэння і ўборка зернебабовых культур, няскошанымі застаюцца каля 80 гектараў пасеянай плошчы, намалот з 1050 гектараў склаў 1900 тон.
Азімае трыцікале ўбрана на 1777 гектарах (план 2606 га), намалочана 2200 тон збожжа. Нядрэнную ўраджайнасць сяголета паказвае азімае жыта — 23,4 цэнтнера з гектара: з 200 гектараў намалочана 470 тон збожжа.
Пры тым што жніво-2024 прадаўжаецца, аграрыі раёна актыўна рыхтуюцца да сяўбы пад ураджай 2025 года. Як расказалі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, сяголета плануюць пасеяць 400 гектараў азімага рапсу, уся гэта плошча ўжо заарана, завяршаецца яе падрыхтоўка (апрацоўка глебы культыватарамі), і з дня на дзень пачнецца сяўба.
Ну і пра корманарыхтоўку. Другім укосам скошана больш за 3 тысячы гектараў шматгадовых траў. Нарыхтавана 14 472 тоны кармавых адзінак, заданне па нарыхтоўцы кармоў на адну ўмоўную галаву ў сярэднім па раёне выканана на 38 працэнтаў.
Інфармацыя падрыхтавана па даных упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні на 8 жніўня