rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Среда, 04 сентября 2024 15:04

Старшыня Глускага райвыканкама Аляксей Жураўлёў сустрэўся з маладымі спецыялістамі, якія сяголета прыехалі працаваць на Глушчыну



Правы і абавязкі, гарантыі, прадугледжаныя заканадаўствам, як узяць і што купіць за льготны крэдыт ад Беларусбанка, дзе правесці вольны час, раскрыць свае таленты і здольнасці, займацца спортам... Пра гэта і не толькі расказалі маладым спецыялістам, якія прыехалі сяголета ў Глускі раён на першае працоўнае месца. У пятніцу 30 жніўня іх запрасілі на сустрэчу са старшынёй райвыканкама Аляксеем Жураўлёвым. На сустрэчы таксама прысутнічалі намеснікі старшыні райвыканкама Анатоль Ласоцкі (пытанні сацыяльнай сферы) і Аляксандр Анцюшэня (пытанні будаўніцтва і ЖКГ), начальнікі аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Мадэратарам сустрэчы выступіў Анатоль Ласоцкі, ён арыентаваў моладзь на канструктыўны дыялог, на адкрытае выказванне прапаноў, праблем, пытанняў.



Вітаючы моладзь, кіраўнік раёна Аляксей Жураўлёў з задавальненнем адзначыў, што сяголета ў Глускі раён прыехалі працаваць ураджэнцы розных рэгіёнаў Беларусі, розных абласцей, вялікіх і малых гарадоў. Мясцовай уладзе вельмі хацелася б, каб Глушчына, спакойная, гасцінная, прыгожая, маладым спецыялістам спадабалася, спадабалася настолькі, што і пасля абавязковай адпрацоўкі яны захацелі б тут застацца. Што да першых цяжкасцей, то яны былі ва ўсіх, гэта натуральны працэс, іх пераадоленне загартоўвае, дае неабходны вопыт і дасведчанасць. Аляксей Анатольевіч згадаў старажытную мудрасць пра тое, што калі хто знайшоў сабе справу па душы, той не будзе працаваць ані дня. Знайсці сваю любімую справу і быць шчаслівымі пажадаў кіраўнік раёна прыехаўшым па размеркаванні спецыялістам.



Гарантаванае працаўладкаванне, абавязковыя грашовыя выплаты, магчымасць адпачынку і кампенсацыя расходаў пры пераездзе і перавозцы маёмасці, выплаты стымулюючага характару. Пра гэтыя і іншыя правы і гарантыі расказала прысутным начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Алена Кірэй.

Каб наладзіць зручны быт, набыць неабходныя пры самастойным пражыванні рэчы, маладыя спецыялісты могуць скарыстацца спецыяльным крэдытам, які выдае Беларусбанк. Крэдыт ільготны, пад 2,375% гадавых (чвэрць стаўкі рэфінансавання), адзначыла галоўны спецыяліст ЦБП № 707 Беларусбанка Вольга Кашко, з адтэрміноўкай выплаты, і атрымаць яго могуць прыезджыя спецыялісты.

Сяголета прыехаўшым па размеркаванні ў Глускі раён выдзелена пяць арэндных кватэр, 22 чалавекі пражываюць у інтэрнаце, прывяла лічбы галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Таццяна Караневіч, спіс свабоднага арэнднага жылля размяшчаецца на сайце райвыканкама.

Быць актыўнымі, праяўляць свае здольнасці, удзельнічаць у грамадскім жыцці сваіх працоўных калектываў і раёна заклікалі прысутную моладзь першы сакратар райкама БРСМ Ганна Мартынава і старшыня Моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў Дар’я Багук. Для гэтага ў раёне ёсць магчымасці, як і для культурнага адпачынку (кінатэатр, музей, клубы, бібліятэкі, Дом рамёстваў), для заняткаў спортам (57 спартыўных збудаванняў, у тым ліку стадыён, трэнажорныя залы, басейн). Пра гэты бок жыцця падрабязна расказалі старшы інспектар сектара культуры Ірына Пастушонак і галоўны спецыяліст райвыканкама па пытаннях спорту і турызму Ігар Сушчэня. Ігар Васільевіч адразу ўзяў на заметку тых юнакоў і дзяўчат, што займаюцца спортам, каб прыцягваць іх да ўдзелу ў спаборніцтвах, у раёне штогод праводзіцца спартакіяда па 10 відах спорту, і новыя спартсмены камандам будуць вельмі дарэчы.

Так, моладзі патрэбна актыўнічаць, рухацца, праяўляць ініцыятыву, Глускаму раёну патрэбны прыехаўшыя спецыялісты, падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Ласоцкі, на гэту сустрэчу ў райвыканкам іх недарэмна запрасілі разам з кіраўнікамі прадпрыемстваў, каб тыя пачулі і зразумелі пасыл раённай улады: гэта моладзь тут патрэбна, і патрэбна зрабіць усё магчымае, каб яна ў нас засталася, а для гэтага на працоўных месцах павінны быць створаны добрыя ўмовы для працы і пражывання. З самага пачатку сустрэчы Анатоль Міхайлавіч запрасіў прыбыўшых спецыялістаў да размовы, каб, пры патрэбе, прама тут вырашыць нявырашаныя пакуль пытанні, зняць нязнятыя пакуль праблемы.

Пытанні былі, але не па ўмовах жыцця і працы: старшыню райвыканкама папрасілі падзяліцца яго вопытам у якасці маладога спецыяліста і даць парады, як пабудаваць кар’еру. Аляксей Анатольевіч прызнаўся, што пачатак яго работы не быў бясхмарным, меліся пэўныя цяжкасці і ў жыллёвым плане, хацелася жыць не з бацькамі, а сваёй сям’ёй асобна. Але ўсё гэта толькі загартавала, дало імпульс шукаць і знаходзіць, у гэтым і сакрэт поспеху і кар’еры, ён зусім просты: рухайся, працуй, пакажы, на што ты здатны, праяўляй ініцыятыву, нават памыляйся, маладому спецыялісту памылкі даравальныя, з памылкамі прыходзіць дасведчанасць. Трэба мець мэту і да яе рухацца, мець жаданне і працаваць, а не марнаваць час, параіў Аляксей Жураўлёў. А яшчэ — заўсёды думаць сваёй галавой, аналізаваць, рабіць высновы, не паддавацца сумнеўным заклікам, быць абачлівымі ў сваіх словах і дзеяннях. Гэта ўжо кіраўнік раёна сказаў, згадаўшы пра тое, што наступны год у нашай краіне — год прэзідэнцкіх выбараў. Цярпення і добрай зарплаты, здароўя і шчасця на глускай зямлі пажадаў старшыня райвыканкама на завяршэнні сустрэчы маладым спецыялістам, якія сяголета прыехалі працаваць на Глушчыну.

Таццяна ЛУКАШЭВІЧ
Фота Ганны АЎТУХОВАЙ




При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома

Фотогалерея


© 2007-2025
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт