rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Среда, 25 сентября 2024 11:23

У гонар дня нараджэння Сяргея Грахоўскага

У гонар дня нараджэння Сяргея Грахоўскага

Мястэчка... Мястэчка...
25 верасня — дзень нараджэння Сяргея Іванавіча Грахоўскага. Паэта, публіцыста, перакладчыка, нашага земляка. З гэтай нагоды мы пасля некаторага перапынку ўзнаўляем на старонках газеты публікацыю самага лірычнага і шчымлівага твора Сяргея Іванавіча — яго элегіі «Мястэчка... Мястэчка...». Папярэднія часткі друкаваліся ў мінулым годзе.

Урыўкі з элегіі Сяргея Грахоўскага (напісана ў 1989–1991 гг.)

Святы
Перад Калядамі набожныя пасцілі, недавяркі скароміліся, але ўсе аднолькава чакалі свята.

3 восені кожны гаспадар у цесным катушку трымаў кормніка, пеставаў і выгладжваў яго, пакуль не пакруглее хіб і не заплывуць вочы. Каляды без свежыны — не свята. У мястэчку быў самы лепшы і спрытнейшы свінабой Грышка Рачкоўскі, па мянушцы «Матуз». Ён жыў у канцы прырэчнай вуліцы ў пуставатай стадоле разам з незамужняю сястрою Матронаю і сам гадоў да сарака ніяк не мог дабраць пару. Трохі латаў людзям боты, абрабляў кавалак поля. Самая «касавіца» ў Грышкі пачыналася перад Калядамі. Кожны местачковец хацеў, каб яго кормніка закалоў і разабраў толькі ён. Тыдні за два да свята пісаліся да яго ў чаргу.<...>

Разбіраючы, свінабой лепшыя кавалачкі аддаваў гаспадыні, і на прыпечку ўжо сквірчэла верашчака — поўная патэльня смакаты.

Работа закончана: квадраты сала ахалонваюць на лаве, кумпякі, каркавіны і паляндвіцы складаюцца ў дзежачкі з каляндраю, салетраю і кменам вылежвацца да першых сонечных дзён, у сакавіку іх павесяць пад дах абветрывацца і падсыхаць, а перад Вялікаднем задымяць вяндлярні.

На стале чакае свінабоя запацелая пляшка, верашчака і стос ячных або грэцкіх аладак. Выпілі, памянулі кормніка, пажадаў Грышка, каб вялося ў хляве і не зводзілася на стале. Гаспадыня напакавала Грышкаву торбу свежыною (у нас кажуць «дала бонду»), у кішэню сунула траячку, і пайшоў Грышка на другую вуліцу, а калі ўправіцца, дык і ў трэці двор — свежаваць кабана. <...>

Адлучаны на цэлае дзесяцігоддзе ад родных мясцін, я нічога не ведаў пра лёс Грышкі Рачкоўскага. Вярнуўся і адразу пайшоў па ўсыпаным чародамі гусей выгане да абмялелай Пцічы. Здалёк пазнаў доўгую пляскатую Матрону. Яна прыкметна пастарэла, але спрытна збірала ў прыпол гусінае пер’е і пух. Пазнала мяне, калі загаварыў. Паселі на ўдзірванелым беразе, глядзелі на павольную плынь па жаўтапёску, на чародкі вёрткіх уклеек. Матрона расказвала: «Як толькі ўсчаўся яжоўскі хапун, здурнеў Грышка і ўскруціўся жаніцца. Падкацілася да яго тая флюндра Цугеліха. Я кажу: „На чорта табе завязваць свет, каб грызціся з гэтаю халяваю?“, а ён знай сваё: „От, кажа, забяруць у кутузку, будзе каму сухар і махоркі перадаць. Ты ж не вельмі пабяжыш“. Многіх тады ні за што пазабіралі, не абмінулі і савецкіх начальнікаў, а самастаяцельных хадзяеў пад чыстую выкацілі. Грышку там, відаць, месца не хапіла. I што ты думаеш, як дарваўся, дык да вайны аж трох хлопцаў настругаў. Прыйшлі немцы, спярша ў гумне на вышках хаваўся, потым вылез, ацерабіўся. Нехта вазьмі і падтыкні, што е такі свінабой спрытны. Яны ж ласыя былі на свежыну. Залыгалі Грышку, і пайшоў ён пластаць пазабіраных у людзей кормнікаў і надворных, парасятак і, не дасі веры, паросных. Загадалі паставіць вяндлярню. Самі жэрлі вяндліну і перлі шынкі ў тую Германію. А як падышоў фронт, немцы лахі пад пахі ды ходу. Тут Грышка і закруціўся. Хапаецца за галаву ды порткі падсмыквае: „Гэта ж мне за падсобніцтва Калыма свеціць, чаго добрага, і куля ў патыліцу“. Забраў сваю Цугеліху, пахапаў смаркачоў сваіх і ўрэзаў следам за фрыцамі. Паехаў — як у пельку боўтнуў, ні слыху ні дыху. Жывыя ці не, нават не сасніліся ні разу. Да мяне прыстаў аўдавелы Супрун, хлопчыка скідалі, так і перабіваемся ўтраіх». <...>

Працяг будзе




При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома

Фотогалерея


© 2007-2025
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт