У аграфірме «Слаўгарадскі» сяголета пасеялі 1300 гектараў кукурузы, з іх 840 запланавана выкарыстаць на зялёную масу, астатнія 460 — на зерне. Сеялі насеннем як айчыннай вытворчасці, на сілас і зерне, так і імпартнай селекцыі, сарты, што толькі на зерне. На полі каля Заеліцы, урочышча Стосы, пасеяна якраз такая кукуруза, 46 гектараў. Калі мы туды прыехалі, яе ўбіралі два экіпажы: Аляксандр Гаравікоў і Васіль Касько, а таксама Мікалай Гаравікоў (ён часова падмяняе свайго брата Сяргея), растлумачыла галоўны аграном гаспадаркі Ангеліна Рудаева. На адвозцы ўраджаю заняты Мікалай Штылёў, пакуль зерне з поля на сушылку вазіць блізка, ён спраўляецца адзін, а на больш далёкіх палях будзе працаваць і другі вадзіцель, Васіль Калецкі, адзін з тысячнікаў сяголетняга жніва. Ды і іншым механізатарам, што працуюць тут, вопыту не пазычаць, у камбайне ці за рулём аўтамабіля ўсе яны не першы год, не навічкі на палявых работах. Тое самае можна сказаць і пра Яўгена Філіпенку, ён таксама ўбірае кукурузу, толькі на зялёную масу, яна ідзе на сілас. У гаспадарцы ўбрана больш за палову пасеяных плошчаў кукурузы, стаіць задача справіцца з гэтай работай да першага лістапада, таму патрэбна старацца. Механізатары не падвядуць, упэўнена Ангеліна Рудаева, галоўнае, каб надвор’е не сапсавалася. Кукуруза сяголета вырасла ў цэлым нядрэнная, зерня намалочваюць у сярэднім 50 цэнтнераў з гектара, гэта культура любіць арганіку, і там, дзе яе было дастаткова, паказчык вышэйшы. Галоўны аграном спадзяецца, што да канца ўборкі лічбы не пагоршацца.
У аграфірме «Слаўгарадскі» на ўчарашнюю раніцу кукурузы было ўбрана: на сілас і зялёны корм — больш за 500 гектараў і 230 гектараў — на зерне. Зялёнай масы ў гаспадарцы сабрана 11 656 тон, намалочана 1200 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 52 з паловай цэнтнеры з гектара.
Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота аўтара