Першае афіцыйнае паведамленне пра чарнобыльскую трагедыю з’явілася ў раённай газеце 9 мая 1986 года, падпісана яно абласным аддзелам аховы здароўя. У паведамленні гаварылася коратка пра саму аварыю на ЧАЭС, двух загінулых і 204 пацярпелых («шпіталізаваны ў лепшыя клінікі краіны і забяспечаны самымі сучаснымі метадамі лячэння»), пра эвакуацыю насельніцтва з 30-кіламетровай зоны і пра тое, якімі сіламі вядуцца работы па ліквідацыі наступстваў аварыі.
«У цяперашні час... на тэрыторыі Беларускай і Украінскай ССР узровень радыяцыі не перавышае норм радыяцыйнай бяспекі... бяспечны для здароўя і не з’яўляецца перашкодай для працоўнай дзейнасці. Радыяцыйная абстаноўка знаходзіцца ў межах натуральнай нормы. І ў Глускім раёне няма неабходнасці ўрачэбнага абследавання мясцовых жыхароў. Яны павінны займацца сваімі паўсядзённымі справамі».
Потым газета раз-пораз зноў вярталася да тэмы Чарнобыля. Напрыклад, у 33-м нумары за 1991 год надрукаваны артыкул галоўнага санітарнага ўрача
У. Некрашэвіча «Насельніцтву аб радыяцыі» — у ім прыводзяцца вынікі радыёлагічнага кантролю харчовай прадукцыі і глебы ў населеных пунктах раёна. Нормы не перавышаны нідзе.
А ў № 46 за той жа год абвяргаліся чуткі, што ў новай школе, якая ўзводзіцца на ўскраіне Глуска, узровень радыяцыі павышаны, бо радыяцыйныя будматэрыялы. Прайшлі праверкі не толькі на новабудоўлі, а і ў дзвюх другіх школах райцэнтра — усюды норма, «чуткі не маюць ніякай падставы».
Глускі раён, на шчасце, Чарнобыль не закрануў, і наша зямля стала другой радзімай для жыхароў Слаўгарадскага раёна. «Літаральна на вачах вырас жылы пасёлак для перасяленцаў у в. Заеліца», — пісала газета «Радзіма» ў адным са студзеньскіх нумароў 1991 года. «Пасёлак расце. І побач з жылымі домікамі ўзводзяцца іншыя пабудовы, — паведамляў карэспандэнт раёнкі. — Пачалося будаўніцтва новай кацельні, воданапорнай вежы. На гэты год запланаваны школа, дзіцячы сад, лазня, пральня, гандлёвы цэнтр, асфальтаваная дарога ў межах пасёлка коштам 470 тысяч рублёў. І, вядома ж, 140 кватэр».
Праз паўгода, 10 ліпеня, раёнка паведамляла, што дзяржаўная камісія падпісала акт аб прыемцы 48 жылых дамоў, восем з іх ужо прынялі навасёлаў. «Увогуле тут неўзабаве справіць наваселле цэлы калгас „Рэвалюцыя“, які пераселіцца сюды са Слаўгарадскага раёна. Першымі навасёламі... сталі механізатары. Яны не толькі пераехалі ў пасёлак, але і правялі шэраг веснавых палявых работ на землях, адведзеных новаму калгасу», — гаворыцца ў артыкуле.
У 1992-м калгас «Рэвалюцыя» атрымаў назву «Слаўгарадскі» — у памяць пра пакінутую радзіму. Слаўгарадчане прыжыліся на нашай зямлі, многіх мы ведаем як добрых працаўнікоў, іх прозвішчы гучаць на ўрачыстых сходах. Але і памяць пра той страшны чарнобыльскі дзень жыве на нашай зямлі. Штогод красавіцкім днём збіраюцца жыхары раёна на мітынг у Заеліцы.
Заўтра, 26 красавіка 2025 года, ён таксама адбудзецца. Усіх нераўнадушных чакаюць каля помніка адселеным вёскам у 12:30.
А. Васілеўская