rubeen
logo

Глусский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213879, г.п. Глуск, ул. Кирова, 16
Телефон приемной: 8 (02230) 78-988
E-mail: rik@glusk.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00
Среда, 13 мая 2026 09:29

Пад мірным небам. Як глушчане адсвяткавалі 81-ю гадавіну Вялікай Перамогі

Пад мірным небам. Як глушчане адсвяткавалі 81-ю гадавіну Вялікай Перамогі

Як нехта трапна заўважыў, надвор’е было такое, што прымусіла зашпіліцца па-вайсковаму, на ўсе гузікі. Але нечаканы майскі холад (+12 пасля +30 днём раней) ніякім чынам не перашкодзіў нам адсвяткаваць наша любімае свята — Дзень Перамогі. Адсвяткаваць шырока, з радасцю, з гонарам, з ушанаваннем памяці загінуўшых, з падзякай тым, хто выжыў, адстаяў, даў нам магчымасць мірна жыць і працаваць. Вось чаму яшчэ напярэдадні 9 Мая ў Глускім раёне кветкі былі ўскладзены да ўсіх 136 помнікаў, абеліскаў і воінскіх пахаванняў (96 пахаванняў і 40 помнікаў).

На Мыслачанскай гары і на ваенных могілках у Хваставічах прайшлі мітынгі.

А раніцай 9 Мая жыхары райцэнтра і яго госці вялікай святочнай калонай рушылі да мемарыяльнага комплексу «Воінская Слава», многія былі з партрэтамі іх продкаў, салдат мінулай вайны: беларусы і Беларусь іх памятаюць, удзячны ім, яны разам з намі ў страі. На мемарыяле «Воінская Слава» адбыўся ўрачысты мітынг, прысвечаны 81-й гадавіне Вялікай Перамогі. Прысутных павіншаваў са святам старшыня Глускага райвыканкама Аляксей Жураўлёў, ад моладзі Глушчыны выступіла старшыня Маладзёжнага савета пры Глускім раённым Савеце дэпутатаў і член Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Яўгенія Нікіціна. Была падрыхтавана кранальная музычна-тэатралізаваная кампазіцыя, у якой увасоблены і нашы слёзы, і наш боль, і мужнасць, і непахіснасць, і наша вялікая радасць.

Роўна апоўдні Глуск далучыўся да агульнанацыянальнай хвіліны маўчання, месцам яе правядзення стала Алея Славы ў цэнтральным парку. Пасля чаго кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў усклалі кветкі да бюста двойчы Героя Савецкага Саюза Сцяпана Шутава, памятных знакаў Героям вайны і працы.

Тым часам святкаванне Дня Перамогі толькі набірала сілу. У цэнтральным парку свае тэматычныя пляцоўкі, сапраўдныя ваенныя і партызанскія паляны, арганізавалі мясцовыя сельгаспрадпрыемствы і сельвыканкамы, сацыяльны пансіянат «Веснава». Гасцей яны сустракалі песнямі, вершамі, здзіўлялі рэдкімі экспанатамі (на адной з пляцовак быў «Віліс», кажуць, 1944 года, ён да гэтага часу на хаду), частавалі салдацкай кашай. Знайшла сваіх цікаўных гледачоў і іншая рэтратэхніка і спецтэхніка, якая размясцілася на пляцоўцы каля Дома рамёстваў. У парку арганізавалі своеасаблівую паласу перашкод з разборкай і зборкай аўтамата — і я паспрабавала, аказваецца, рукі штосьці памятаюць з урокаў ваеннай падрыхтоўкі. Юныя мастакі са школы мастацтваў і аб’яднання «Арт-кроха» малявалі май, свята, вясну. На бульвары Грахоўскага мясцовыя арганізацыі і ўстановы таксама падрыхтавалі свае тэматычныя пляцоўкі і фотазоны, дзе ўсё было аформлена з густам, прыгожа, цікава, можна было згуляць у латарэю і выйграць сувенір ручной работы, набыць вырабы рамеснікаў, сфатаграфавацца з «салдатамі», якія нібыта сышлі з пастамента. Былі ахвотныя пагартаць і падшыўкі нашай раённай газеты, паглядзець па старых фатаграфіях, як раней святкавалі Дзень Перамогі, некаторыя спрабавалі друкаваць на старой пішучай машынцы. Моладзь, асабліва юнакі, цікавілася сучаснай зброяй у ваеннай палатцы, а дзецям было раздолле на адмысловай гульнёвай зоне каля кінатэатра. Але больш за ўсіх каля сябе сабрала людзей вялікая сцэна на бульвары. Там цудоўны і разнастайны канцэрт паказалі спачатку выхаванцы і педагогі дзіцячай школы мастацтваў, цэнтра творчасці, а потым работнікі культуры. Не зраблю адкрыцця, але выкажу агульнае меркаванне гледачоў: ёсць таленты на Глушчыне, добра ўсё падрыхтавалі артысты, цікава, годна, малайцы, парадавалі землякоў дарослыя і дзеці. Шмат зрабілі для таго, каб свята прайшло весела, цікава, з настроем, нашы кааператары, Глускае АСП Клічаўскага райпо, а таксама прадпрымальнікі: гандлёвыя палаткі карысталіся вялікай папулярнасцю, і людзей было шмат, і смачнай ежы хапала (была традыцыйная салдацкая каша, панцак з тушонкай), і прысесці было дзе.

Па загадзя складзенай праграме на цэнтральным стадыёне Глуска прайшлі спартыўныя спаборніцтвы па футболе, валейболе, гандболе, паказальныя выступленні юных дзюдаістаў і таэквандзістаў. Сустрэчы былі таварыскімі, таму не будзем прыводзіць іх вынікі, але можам з упэўненасцю сцвярджаць, што добрая спартыўная змена расце ў раёне, сябруюць глушчане са спортам.

Увечары святкаванне прадоўжылася яшчэ адным канцэртам на галоўнай сцэне. Ахвотных культурнага адпачынку не меншала, а нават прыбывала, асабліва па меры таго, як набліжалася хвіліна, калі ўсіх запрашалі праспяваць галоўную песню свята, калі хочаце, яго музычны сімвал — «Дзень Перамогі». І людзі сабраліся, і спявалі, і гэтым паказалі ўсім, як мы адносімся да свята Перамогі і да пакалення пераможцаў. Мы ўдзячны ім і ганарымся імі, мы памятаем іх. Няхай так будзе і далей.

Таццяна ЛУКАШЭВІЧ
Фота Ганны АЎТУХОВАЙ, Аляксандры АТЛАС




При сканировании соответствующего QR-кода, будет осуществлен переход на портал рейтинговой оценки, и можно будет оценить результат оказанной административной процедуры или услуги работниками Глусского райисполкома



Фотогалерея


© 2007-2026
Глуский районный исполнительный комитет
Официальный сайт