«Наш край» — цікавы і карысны часопіс, з дапамогай каторага краязнаўцы маглі абменьвацца вопытам, знаёміцца з новай літаратурай, атрымліваць навуковыя інструкцыі для сваіх даследаванняў. Яго выдаўцом было Цэнтральнае бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры. Выходзіў «Наш край» з кастрычніка 1925-га па кастрычнік 1930 года, пасля чаго быў перайменаваны і рэзка змяніў характар сваіх публікацый. Інфармацыі пра дзейнасць глускіх краязнаўцаў у выданні не так многа, як гэтага хацелася б: калі і ёсць, то часцей за ўсё два-тры радкі, ды не ў кожным нумары. Але пэўнае ўяўленне, як нашы продкі адкрывалі для сябе сваю малую радзіму, атрымаць можна.
Краязнаўства — дзіця рэвалюцыі
На Беларусі дарэвалюцыйнае краязнаўства мела адарваны ад жыцця акадэмічны характар. Проста нешматлікія навукоўцы цікавіліся чыста гістарычнымі, этнаграфічнымі ці прыродазнаўчымі пытаннямі. На думку ж выдаўцоў часопіса «Наш край», краязнаўства — гэта тое, што патрэбна ўсяму беларускаму народу, каб пазнаць самога сябе, а спазнаўшы, выкарыстаць мінулае як матэрыял для пераходу ад старога ладу да новага жыцця. Таму галоўнай сваёй мэтай часопіс лічыў зрабіць краязнаўчы рух масавым. Для гэтага ў першым нумары была змешчана інструкцыя «Што рабіць раённым краязнаўчым таварыствам» і праграмы па канкрэтных напрамках дзейнасці.
Глускае таварыства краязнаўства
Глускае раённае таварыства краязнаўства ў мястэчку Глуск Бабруйскай акругі было заснавана 20 лістапада 1925 года. Праца распачалася ў гістарычна-геалагічнай, прыродазнаўча-эканамічнай, мовазнаўча-бытавой секцыях. На першую акруговую краязнаўчую канферэнцыю, якая адбылася 20–21 лютага 1926 года ў Бабруйску, нашым землякам ужо было з чым ехаць. Са справаздачай аб працы Глускага таварыства выступіў Каракін (называецца толькі прозвішча без ініцыялаў). З даклада можна даведацца, што глускія краязнаўцы збіралі матэрыялы пра гісторыю свайго мястэчка, вывучалі вытворчасць асінавай стружкі, сабралі вялікую колькасць экспанатаў для музея (старыя кнігі, манеты, узоры чырвонай фарбы, якую вырабляла мясцовае насельніцтва).
У № 6–7 за 1926 год «Наш край» паведамляе пра першую ў Глускім раёне краязнаўчую канферэнцыю. Акрамя сяброў таварыства, у ёй прынялі ўдзел кіраўнікі партыйных, савецкіх і прафесійных арганізацый, а таксама прадстаўнікі сялянства. За справу ўзяліся грунтоўна: кожны ўдзельнік таварыства атрымаў тую ці іншую задачу ў канкрэтнай мясцовасці раёна. А ўлады абавязаліся ва ўсім дапамагаць.
Рэзультатыўны 1926 год
Студзеньскі нумар «Нашага краю» за 1927 год змяшчае кароткую справаздачу аб дзейнасці Глускага таварыства краязнаўства за 1926 год. Налічвалася ў ім 30 сяброў, а яшчэ быў арганізаваны краязнаўчы гурток пры Глускай сямігодцы. Праведзена сем пасяджэнняў праўлення і два агульныя сходы. Праца вялася па нанова вызначаных секцыях: гістарычна-археалагічнай, прыродна-эканамічнай і мовазнаўчай. Усе вядомыя гістарычныя помнікі раёна былі пастаўлены на ўлік. Сельсаветы і настаўнікі зрабілі іх апісанне, склалі планы, выканалі схемы і замалёўку.
Асабліва цікавым рэдакцыя часопіса называе даследаванне Халопеніцкага гарадзішча, зробленае настаўнікам Каткаўскай школы (прозвішча не называецца) і Каткаўскім сельсаветам. Згодна з апісаннем, тое месца «паміж трох вёсак: Каткамі, Бэркавым і Халопенічамі» выглядала так: «круглае, як каток, з насыпаным валам вышынёю каля 2 мэтраў і шырынёю да 5 мэтраў. Вал укруг мае 355 крокаў. Вакол кургану балота». Далей гаворыцца вось што: «Адзін дзед з вёскі Каткі, якому цяпер пад 100 гадоў, апавядае, што гадоў 90 назад на гэтым кургане расьлі вялізныя дрэвы, а цяпер і пнёў няма. Другі селянін з тэй-жа вёскі знайшоў на гэтым гарадзішчы крыж, лыжку і красала, але гэтыя рэчы згубіў. Шмат яшчэ зарэгістравана курганоў у Слаўкавіцкім сельсавеце».
Таксама расказваецца, што ўдзельнікі краязнаўчага таварыства сабралі шмат песень, казак, прымавак. Па даручэнні таварыства аграном (прозвішча не называецца) склаў карту глеб Глускага раёна і сабраў калекцыю «раслін-збожжа». На ўлік прынята радовішча вохры, каторае знаходзіцца паміж вёскамі Усцярхі і Поўстка і займае плошчу дзве з паловай дзесяціны (адна дзесяціна роўная 1,09 гектара).
Нявыдадзены зборнік
Аб развіцці краязнаўства ў Бабруйскай акрузе паведамляецца ў нумары «Нашага краю» за сакавік 1927 года. Сярод найбольш актыўных раённых арганізацый, якія рэгулярна і ў вялікай колькасці дасылаюць матэрыялы, названы Асіповіцкае, Глускае, Клічаўскае і Стрэшынскае таварыствы краязнаўства.
У артыкуле маецца інфармацыя аб падрыхтоўцы зборніка «Бабруйшчына», у каторым будзе змешчана гістарычнае і эканамічнае апісанне трох найбольш адметных раёнаў акругі: Глускага, Рагачоўскага і Свіслацкага. На жаль, праца над выданнем вельмі зацягнулася. У 1929 годзе акруговая канферэнцыя вырашыла нарэшце паскорыць падрыхтоўку і надрукаваць зборнік «Бабруйшчына» да канца бягучага года. Хутчэй за ўсё, зрабіць гэта не атрымалася, бо знайсці нават упамінанне пра такое выданне не ўдаецца. Дзіўнага ў гэтым нічога няма: у той час краязнаўству стала не да навукі. Распачаліся самакрытыка і чыстка, а ў 1930 годзе пайшлі палітычныя рэпрэсіі супраць беларускіх навукоўцаў, пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва.
Глуск ці Гарадок?
Праглядаючы лютаўскі нумар «Нашага краю» за 1928 год, даведваемся, што ў працы Глускага раённага таварыства краязнаўства ў 1927 годзе назіраецца некаторы спад. Ён выкліканы тым, што ўдзельнікі праўлення выехалі на працу і жыццё за межы раёна. Застаўся толькі старшыня праўлення таварыш Храмовіч, але і ён жыве і працуе ў вёсцы Гарадок.
У Гарадку пачаў складацца другі цэнтр краязнаўства: арганізаваны краязнаўчы гурток і плануецца адкрыць метэаралагічную станцыю пры мясцовай сямігодцы (!), падрыхтавана батанічная калекцыя. Будзе ў раёне і два феналагічныя пункты для назіранняў за з’явамі прыроды.
У лютым 1928 года плануецца правесці перарэгістрацыю сяброў таварыства, абраць новае праўленне і вызначыць, дзе ж будзе знаходзіцца цэнтр краязнаўства раёна, у Глуску ці Гарадку.
З таго ж нумара часопіса даведваемся, што пакуль таварыства вяло прыкметную дзейнасць, то сабрала шмат фальклорных матэрыялаў, старых кніжак, археалагічных, батанічных экспанатаў, яны былі або перасланы ў Бабруйскі акруговы музей і ў Інстытут беларускай культуры, альбо аддадзены ў музей, які «заснаваўся пры агроцэнтры м. Глуску».
Ініцыятыва знізу
Відаць, што ад арганізацыйнага крызісу Глускае таварыства аправіцца не здолела. Інфармацыя пра яго дзейнасць за 1928–1930 гады ў часопісе «Наш край» проста адсутнічае. І чаго тут дзівіцца: для краязнаўчай работы патрэбны глыбокія веды і вялікае жаданне, а іх новым сябрам таварыства яўна не хапала. Большую актыўнасць праяўлялі школьнікі і асобныя жыхары Глускага раёна.
Актыўнымі ўдзельнікамі краязнаўчай работы ў раёне былі вучні Глускай сямігадовай школы. У артыкуле А. Шлюбскага «Год збірання фальклорнага матэрыялу», надрукаваным у студзеньскім нумары часопіса за 1927 год, ацэньваюцца дасланыя імі дзесяць замоў. Вядомы беларускі этнограф, супрацоўнік Інстытута беларускай культуры паказвае недахопы зробленай дзецьмі працы. Да тэкстаў замоў абавязкова трэба назваць абрады, у час каторых яны ўжываюцца. Добра было б таксама расказаць пра загаворнікаў (людзей, што выконваюць замовы): хто яны, чым займаюцца, як да іх адносяцца іншыя людзі. Гэта вельмі важна, бо пра загаворнікаў у беларускім фальклоры зусім нічога не вядома. Але ж дасланы матэрыял называецца ў ліку лепшых, а парады вучонага такога ўзроўню дарагога вартыя.
У 1928 годзе Сянкевіч і некаторыя іншыя аўтары, якія не пазначылі свае прозвішчы, дасылалі фальклорныя запісы. Падрабязныя рэкамендацыі, як самастойна збіраць этнаграфічныя калекцыі, атрымаў ад рэдакцыі часопіса Н. Зубовіч з Глуска. Слоўнікавая камісія Інстытута беларускай культуры, што працавала над акадэмічным слоўнікам беларускай гаворкі, вылучыла сярод іншых актывістаў жыхара Глускага раёна А. Прышча. Ён склаў і даслаў 195 картак цікавых і нават рэдкіх беларускіх слоў.
«На новыя рэйкі...»
«Краязнаўчую працу на новыя рэйкі», «Збірайце савецкі фальклёр», «Краязнаўчы застой»: пад такімі і падобнымі загалоўкамі выходзілі матэрыялы ў апошніх нумарах часопіса «Наш край». Дасланы беларускі фальклор называўся «нічога не вартым брудам». Бабруйскі акруговы музей, які доўгі час лічылі лепшым у БССР, раптам ператварыўся ў хаатычнае зборышча абы-чаго.
Аўтары, якія «захапляліся беларускай мовай», востра крытыкаваліся, і гэта пры тым, што сам часопіс выдаваўся на беларускай мове!
Ні самакрытыка, ні чысткі не дапамаглі. Беларуская акадэмія навук была аб’яўлена гняздом контррэвалюцыйнага беларускага нацыянал-дэмакратызму. Цэнтральнае бюро краязнаўства абвінавацілі ў вядзенні варожай прапаганды сярод інтэлігенцыі, студэнцкай і вучнёўскай моладзі праз мясцовыя таварыствы краязнаўства. Большасць краязнаўчых арганізацый расфарміравалі, а гурткі, што дзейнічалі пры навучальных установах, былі перададзены пад апеку Народнага камісарыята асветы.
А. ЕМЯЛЬЯНАЎ


























© 2007-2026